top of page

АСОБЫ

АСОБЫ, ЯКІЯ АСТАВІЛІ СЛЕД У ГІСТОРЫІ

Петрыкевіч Міхаіл Фёдаравіч
   
   Нарадзіўся ў в.Падкасоўе Навагрудскага раёна 31 ліпеня 1913 года. Як адоранае дзіця, палякі яго вучылі ў школе бясплатна, затым ён закончыў Навагрудкую гімназію, інжынерна- мярнічае вучылішча ў г.Вільнюсе, паступіў на філалагічны факультэт педагагічнага інстытута ў г. Беластоку, пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР прадоўжыў адукацыю ў Мінскім педагагічным інстытуце. Пасля яго заканчэння  працаваў настаўнікам у Карэлічах. 3 1952 па 1967 год працаваў у Валеўскай сярэдняй школе завучам. З'яўляецца адным з заснавальнікаў Валеўскага народнага гісторыка-краязнаўчага музея . 3 1967 г. і да апошніх дзён жыў у г/п Дзятлава. Заснаваў там раённы гісторыка-краязнаўчы музей.

Петрыкевіч.jpg
Урбанович.jpg
Урбановіч Уладзімір Аляксандравіч
   
   Нарадзіўся 2 жніўня 1921 года ў вёсцы Пудзіна Навагрудскага раёна ў 
сялянскай сям’і . Вучыўся ў III–яй Беларускай няпоўнай сярэдняй школе горада Ліды, затым скончыў Лідскае педвучылішча. Пасля працаваў настаўнікам пачатковых класаў ў Лідскім раёне. З 1947 года па 1952 год вучыўся завочна ў Гродзенскім педагагічным інстытуце. Пасля заканчэння працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Райцаўскай СШ Карэліцкага раёна,  а з 1959 года - у Валеўскай СШ. Доўгі час працаваў завучам школы, затым выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Быў адным з заснавальнікаў Валеўскага народнага краязнаўчага музея.
У.А.Урбановіч захапляўся мастацкай творчасцю, таму і выйшлі ў свет яго кнігі – “Па дарагіх мясцінах”, 1964 год  і “Шляхамі паэтаў і герояў,” 1970 год. Неаднаразова друкаваўся ў часопісах “Народная асвета”, ”Полымя”, а таксама ў газетах ”Новае жыццё”, ”Настаўніцкая газета” і інш. Узнагароджаны: значок “Выдатнік народнай асветы”, грамата Міністэрства адукацыі БССР, званне “Старэйшы настаўнік”, удзельнік ВДНГ.
Памёр 2 лютага 1999 года . Пахаваны ў в.Валеўка.
Занесены ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна (пасмяротна).

Ускоў Васіль Піліпавіч
  Нарадзіўся 19 кастрычніка 1930 года ў вёсцы Нікольскае Архангельскайга раёна Варонежскай вобласці. У  1949 – 1951 г.г. – студэнт Баранавічскага настаўніцкага інстытута. З 1951 года – настаўнік гісторыі Валеўскай  сярэдняй школы, завуч па выхаваўчай рабоце, адзін з заснавальнікаў Народнага гісторыка-краязнаўчага музея
У 1956 годзе паступіў у Маскоўскі універсітэт імя Ламаносава завочна, а ў 1961 годзе, пасля заканчэння, паступіў у аспірантуру.
Званне Заслужаны настаўнік школ БССР прысвоена ў 1967 годзе.
Яго імя вядома не толькі на Гродзеншчыне. За самаадданую працу на ніве народнай асветы, за поспехі ў справе выхавання падрастаючага пакалення Васіль Піліпавіч узнагароджаны двума Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.  У 1968 годзе быў дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў. Аўтар кніг "Музей выхоўвае юных", "Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу на ўроках гісторыі". Памёр Ускоў Васіль Піліпавіч 19 жніўня 2004 года. Пахаваны ў в.Валеўка.

Ускоў.jpg
виногдад он.jpg
Вінаград Канстанцін Ігнацьевіч
      Нарадзіўся 20 мая 1925 года ў вёсцы Тупалы Карэліцкага раёна. Дзяцінства прайшло тут. Вучыўся ў вёсцы Тупалы 1 год, затым у сямігадовай школе ў Карэлічах (пры Польшчы), закончыў  6 класаў і паступіў у Навагрудскую гімназію ў 1939 годзе,  якая  17 верасня 1939 года была рэфармавана ў Польскую дзесяцігадовую школу. У пачатку вайны школа была пераўтворана ў беларускую семінарыю.  Пасля вучобы ў гімназіі атрымаў пасведчанне, у якім было запісана “праслухаў 3-месячную метадычную школу” з правам выкладання прадметаў у пачатковай школе. 23 ліпеня 1944 года быў прызваны ў запасны полк, які размяшчаўся ў г. Алабіна (40 км ад Масквы). У жніўні 1944 года адправілі на вайну. Ваяваў ва Усходняй Прусіі. У лістападзе 1944 года быў паранены. Мае баявыя ўзнагароды: медалі “За Пабеду”, “За Адвагу”, ордэн Вялікай Айчыннай вайны “За баявыя заслугі”, знак “ Ветэран вайны 1941-1945 гадоў”. У 1945 годзе стаў настаўнікам пачатковых класаў у Смольчыцкай васьмігадовай школе. У гэтым годзе паступіў завочна ў Мінскі ўніверсітэт на факультэт філалогіі. У 1953 годзе жаніўся на Самайловіч Кацярыне Дзмітрыеўне. Разам былі накіраваны ў Валеўскую сярэднюю школу. Працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры.  За гады работы ў школе праявіў сябе актыўным, творча працуючым педагогам, высока патрабавальным да сябе і акружаючых. Дасягнуў сапраўднага прафесіяналізму дзякуючы мэтанакіраванасці, нястомнай працы, вялікай любові да рускай мовы і літаратуры, якія ён выкладаў. Гэтую любоў ён перадаваў сваім вучням, дамагаючыся максімальнага засваення вучэбнага матэрыялу. Яго эмацыйныя ўрокі, спалучаючы новы, цікавы матэрыял з выразнай логікай выкладу, прымушалі ўважліва слухаць і працаваць. Жаданне зрабіць больш, лепш - гэта складаючыя характару Канстанціна Ігнацьевіча. Ён карыстаўся аўтарытэтам і павагай калегаў, вучняў і бацькоў. У 1985 годзе выйшаў на пенсію, але яшчэ некалькі гадоў працаваў у школе. У гэты час быў назначаны інспектарам настаўнікаў пачатковых класаў Валеўскага сельскага савета. Быў узнагароджаны: граматай Навагрудскага раённага аддзела народнай адукацыі, Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР, Бронзавым медалём за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР, медалём “Ветэран працы”. Памёр ў 2018 годзе ва ўзросце 92 гады.
Вінаград (Самайловіч) Кацярына Дзмітрыеўна
  Нарадзілася 7 студзеня 1929 года ў в. Лозкі Навагрудскага раёна. Тут прайшло дзяцінства, тут закончыла 7 класаў. У 1948 годзе закончыла Навагрудскае педвучылішча, затым  Баранавіцкі  інстытут на факультэт беларускай мовы і літаратуры. Была накіравана на работу ў Смольчыцкую васьмігадовую школу. Праз 3 гады пераведзена на работу ў Райчанскую сярэднюю школу. У 1953 годзе выйшла замуж за Вінаграда Канстанціна Ігнацьевіча, разам  з ім была накіравана ў Валеўскую сярэднюю школу,  паступіла ў 1961 годзе ў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Я. Купалы на завочнае аддзяленне на факультэт філалогіі з правам выкладання беларускай мовы і літаратуры. Увесь час працавала па гэтай спецыяльнасці, затым паралельна выкладала нямецкую мову ў сярэдніх класах. Адпрацавала ў агульнай колькасці ў школе 55 гадоў.
  Кацярына Дзмітрыеўна мела добрую прафесійную падрыхтоўку, ведала і любіла свой прадмет. Урокі праводзіла на высокім метадычным узроўні, выкарыстоўваючы індуктыўную гутарку, праблемныя сітуацыі, дыскусіі. Дамагалася самастойнасці і доказу адказаў вучняў, канцэнтравала ўвагу на галоўным, вучыла дзяцей працаваць з дадатковай літаратурай, эфектыўна выкарыстоўвала ТСН, грамзапісы, рэпрадукцыі беларускіх і замежных мастакоў. Ёю распрацавана сістэма займальных урокаў беларускай мовы ў 5-9 класах.  Была ўзнагароджана граматамі раённага і абласнога аддзела народнай асветы, граматай Міністэрства адукацыі. Узнагароджана медалём працы. На пенсію выйшла ў 1984 годзе, але засталася працаваць настаўніцай нямецкай мовы ў сярэдніх класах.  Арганізоўвала падарожжы для вучняў па роднаму краю, па партызанскіх мясцінах, з класам наведала возера Нарач. Любіла праводзіць літаратурныя вечары, прысвечаныя ўгодкам беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Памерла ў 2019 годзе ва ўзросце 90 гадоў.

Виноград.jpg
Евоста.jpg
Евоста (Кляцко) Ганна Аляксандраўна
   
   Нарадзілася 1 студзеня 1931 года ў вёсцы Кукавічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай, мнагадзетнай сям’і.  У 1939 годзе памёр бацька. Дзеці засталіся сіратамі. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыла два класы Кукавіцкай пачатковай школы. У час вайны не вучылася. Жылі ў партызанскім краі. Пасля прыхода Савецкай арміі ў 1944 годзе пайшла ў 4 клас. У 1948 годзе закончыла сем класаў Вяліка-раёўскай сярэдняй школы з пахвальнай граматай, паступіла ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, якое скончыла ў 1952 годзе. Працу настаўніцы пачатковых класаў пачала ў Даманаўскай сярэдняй школе Бытаўскага раёна Баранавіцкай вобласці, дзе і працавала да 1959 года, а да 1962 года ў Бусешскай СШ Івацэвіцкага раёна. У 1962 годзе пераехала ў Карэліцкі раён і была накіравана на працу ў Валеўскую СШ, куды муж быў накіраваны ветэрынарным урачом у калгас “Свіцязь”. Працавала да выхаду на пенсію ў 1986 годзе. Ганна Аляксандраўна  была дасведчаным, творча працуючым настаўнікам. Вучні адклікаліся пра Ганну Аляксандраўну  як пра чалавека дасведчага, умелага, справядлівага. Ганна Аляксандраўна –  чалавек эмацыйны, вельмі добразычлівы, што шмат у чым вызначае гатоўнасць да падтрымання цёплых адносін  з дзецьмі і калегамі.
За адданую і сумленную працу неаднаразова была адзначана ўрадавымі ўзнагародамі. У 1973 годзе з’яўлялася ўдзельнікам УВДНГ СССР у Маскве. У 1972 годзе прысвоена званне заслужанага настаўніка Беларускай ССР. 28 красавіка 1986 года ўстаноўлена асабістая пенсія. Узнагароджана медалём “За доблесную працу да 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”. У 1986 годзе ўзнагароджана медалём “Ветэрана працы”. Памерла ў 2016 годзе ва ўзросце 85 гадоў.
Шымко Алімпіяда Юльянаўна

 Нарадзілася 17 мая 1937 году ў вёсцы Парэчча Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Бацька працаваў рамонтным рабочым на шашэйнай дарозе Баранавічы - Навагрудак, маці - ў калгасе на палявых працах. У 1944 годзе яна пайшла ў першы клас у вёсцы Парэчча, дзе ў 1948 годзе скончыла чатыры класы і пайшла ў пяты клас Кудавіцкой сямігадовай школы, якую скончыла ў 1951 годзе. У восьмы клас пайшла ў Валеўскую сярэднюю школу. У 1954  паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна. Скончыла інстытут у 1959 годзе і да выхаду на пенсію працавала настаўнікам біялогіі і хіміі ў Валеўскай сярэдняй школе. Вельмі любіць прыроду. З першых гадоў работы пры яе актыўным удзеле быў закладзены ў школе парк-дэндрарый, дзе было высаджана больш за 180 відаў дрэў і хмызняковых раслін. На працягу ўсіх гадоў працы вяла школьнае лясніцтва, прымала ўдзел у працы ўсесаюзнага семінара на ВДНХ. Працавітая, ініцыятыўная, няспынна працавала над удасканаленнем метадаў і форм актывізацыі навучальнага працэсу. Урокі праводзіла на высокім навуковым метадычным узроўні, шырока ўжывала даследчыя метады, эксперыментальныя заданні, умела арганізоўвала франтальнае апытанне, лабараторныя і практычныя работы. Вучыла дзяцей працаваць з падручнікам і дадатковай літаратурай, стымулявала творчую ініцыятыву і самастойнасць навучэнцаў.  Выразна паставіўшы мэты і вызначыўшы задачы, яна вядзе ўрок, але робіць гэта так, што вучні сапраўды пачынаюць працаваць! Штогод Алімпіяда Юльянаўна рыхтавала прызёраў раённых алімпіяд па біялогіі. Ўзнагароджана шматлікімі граматамі раённага, абласнога аддзелаў народнай адукацыі, Міністэрства адукацыі і Міністэрства лясной гаспадаркі. Жыве па сённяшні дзень. Узрост 81 год.

Шымко.jpg
Данильчык.jpg
Данільчык (Шах) Валянціна Канстанцінаўна

Нарадзілася 13 сакавіка 1941 гады ў вёсцы Горная Рута Карэліцкага раёна. Скончыла ў 1959 году Амневіцкую сярэднюю школу. Пасля школы працавала старэйшай піянерважатай у Малюшыцкай сярэдняй школе на працягу 2 гадоў. Затым паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча.

Першае працоўнае месца пасля вучылішча - Канцэвіцкая пачатковая школа, дзе працавала і настаўнікам, і загадчыцай, і заўхозам. Пазней працягвала вучобу ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце на завочным аддзяленні па спецыяльнасці «настаўнік пачатковых класаў». Перавялася па месцы жыхарства - у Валеўская сярэднюю школу, дзе адпрацавала 41 год. На працягу многіх гадоў узначальвала раённае метадычнае аб'яднанне настаўнікаў пачатковых класаў. Валянціна Канстанцінаўна - вопытны настаўнік, выдатна ведаючы методыку выкладання ўсіх прадметаў у пачатковых класах. Яе ўрокі па любым прадмеце заўсёды былі цікавыя, прадуманыя да дробязяў, выразна распланаваныя. На кожны ўрок Валянціна Канстанцінаўна ішла з пачуццём вялікай адказнасці. Цярпліва, настойліва і патрабавальна вяла яна свае ўрокі. Надавала шмат увагі развіццю мовы вучняў, іх мыслення, фармiраванню ў iх навыкаў творчай самастойнай працы, вучыла іх разважаць. У сваёй працы часта выкарыстоўвала гульні.  У класе Валянціны Канстанцінаўны не было няўдачнікаў вучняў. Чаму? Валянціна Канстанцінаўна імкнулася падрыхтаваць кожнага вучня да самастойнага выканання прапанаванага задання. І бачыла, як у выпадку поспеху ў вучня з'яўлялася жаданне добра вучыцца, самастойна, без падказкі, выконваць заданні. Валянціна Канстанцінаўна ахвотна дзялілася сваім вопытам работы: яна ўвесь час выступала з дакладамі на ШМА, РМА, давала адкрытыя ўрокі для выхавальнікаў дзіцячага сада, сваіх школьных калег і настаўнікаў раёна.

Ўзнагароджана граматамі раённага і абласнога аддзелаў адукацыі.

Жыве па сённяшні дзень. Узрост – 78 гадоў.

Кадан (Чыркун) Ганна Мікалаеўна

 Нарадзілася 4 лютага 1930 года ў вёсцы Зарэчча Карэліцкага раёна ў сям’і сялян. Бацькі, хоць і жылі небагата, але ўсімі сіламі імкнуліся даць адукацыю сваім траім дзецям. 2 гады вучылася ў польскай школе (1937 г. і 1938 г.) у сваёй вёсцы Зарэчча, далей  вучоба працягвалася ў Карэліцкай школе,  8-ы клас дзяўчынка правучылася ў СШ №1 г. Навагрудка, дзе жыла на кватэры, якую арандавалі бацькі за пэўную плату. Дзяцінства, апаленае вайной, – гэта і пра Ганну Мікалаеўну. Таму атрымаць сярэднюю адукацыю, хоць і было няпроста, дзяўчынцы ўдалося толькі ў 1948 годзе, скончыўшы Карэліцкую сярэднюю школу,  паступіць ў галоўную вышэйшую навучальную ўстанову Беларусі – Беларускі Дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Пасля заканчэння ўніверсітэта, у 1953 годзе, была накіравана на працу ў Валеўскую сярэднюю школу Баранавіцкай вобласці. Моцнае хваляванне і жаданне перадаць свае веды вучням перапаўняла сэрца. Як сустрэнуць вучні? Як прыме калектыў? Ці ўдасца прыжыцца? Удалося! Адзін раз і на ўсё жыццё, бо толькі адзін запіс аб залічэнні на працу значыцца ў працоўнай кніжцы. Валеўская школа стала месцам сустрэчы і з будучым мужам Міхаілам Пятровічам, былым аднакласнікам, уражэнцам суседняй вёскі Кайшоўка, які закончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут (фізіка-матэматычны факультэт), і 5 гадоў адслужыў у ваенна-марскім флоце на Балтыйскім моры. Яны выхавалі сына і дачку, якія выбралі прафесію бацькоў і цяпер працуюць выкладчыкамі вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі, маюць вучоныя ступені. Многа гадоў ужо Ганна Мікалаеўна жыла адна без Міхаіла Пятровіча, але заўсёды з вялікай любоўю, цеплынёй і пяшчотай успамінала свайго мужа, гаворыла аб яго заслугах і ўзнагародах, старанна захоўвала ў сямейным архіве граматы раённага, абласнога аддзелаў адукацыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Многія вучні Ганны Мікалаеўны выбралі прафесію любімай настаўніцы.  Сустракаючыся са сваёй настаўніцай, былыя вучні з любоўю і павагай успаміналі, як заўсёды імкнулася Ганна Мікалаеўна запальваць агеньчык цікавасці ў сэрцах сваіх выхаванцаў, аб’ядноўваць іх агульнай ідэяй, якая прадаўжае жыць і сёння.

Памерла ў 2019 годзе ва ўзросце 89 гадоў.

Кадан.jpg
Калюк.jpg
Калюк Аляксандр Уладзіміравіч 
 Нарадзіўся 28 жніўня 1948 года ў вёсцы Янавічы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. Пачаў вучобу ў Янавіцкай васьмігадовай шоле, прадоўжыў у Ігольніцкай сярэдняй школе, якую закончыў у 1964 годзе. З 1964 па 1967 гады працаваў паляводам у калгасе імя Кутузава. Затым скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут.  Працаваў настаўнікам фізкультуры Асмолаўскай васьмігадовай школы. Пасля службы ва Узброеных сілах у 1972 года быў прыняты на работу ў Валеўскую сярэднюю школу настаўнікам ваеннай падрыхтоўкі і працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак. За час работы ў Валеўскай сярэдняй школе Аляксандр Уладзіміравіч зарэкамендаваў сябе граматным, высока прафесійным педагогам, выдатным арганізатарам, ініцыятыўным і творчы м чалавекам. Выкарыстоўваў сучасныя адукацыйныя методыкі: электронны падручнік, творчыя, праблемныя і тэставыя заданні, метад праектаў, мультымедыйныя прэзентацыі, якія дазвалялі зрабіць навучальны працэс максімальна эфектыўным. Асобую ўвагу Аляксандр Уладзіміравіч надаваў падрыхтоўцы юнакоў да ваеннай службы, супрацоўнічаў з камандаваннем вайсковых частак гарнізона і ваенным камісарыятам Навагрудскага раёна. Падрыхтаваная ім каманда школы займала прызавыя месцы на раённых спаборніцтвах "Абаронца Айчыны". Вёў вялікую прафарыентацыйную работу, дзякуючы якой, многія выпускнікі школы звязалі свой лёс са службай у радах Узброеных сіл РБ. стаўшы прафесійнымі ваеннымі.  Ім быў назапашаны багаты вопыт метадычнай работы, якім ён шчодра дзяліўся з калегамі, выступаючы на семінарах і педагагічных нарадах. За шматгадовую і добрасумленную працу педагог неаднаразова адзначаўся падзякамі, ганаровымі граматамі Міністэрства Абароны РБ, упраўленнямі адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Навагрудскага райвыканкама. Памёр 8 лютага 2013 года ва ўзросце 64 гады.
bottom of page