Праект “ Музей у чамадане” 2014г.
Аўтар Рачко Вікторыя, 11 клас
Кіраўнікі: настаўнікі гісторыі Сурага Т.М., Санько Н.К.
Где-то в дальнем углу антресолей
Дермантиновый, пылью покрытый,
Чемоданчик потертый, забытый.
В нем хранятся обрывки историй. Т.Лаврова «Ода о старом Чемоданчике»
Уводзіны
У апошні час, удасканальваючы працу з экспанатамі і экскурсантамі, музеі актыўна выкарыстоўваюць разнастайныя інавацыйныя тэхналогіі, прыцягваючы да ўдзелу наведвальнікаў. Усё часцей экспанаты здабываюцца з вітрын і ўключаюцца ў сферу зносін ўсіх тых, хто наведвае музей.
Адной з інтэрактыўных форм работы з музейнымі прадметамі, дакументамі і матэрыяламі з'яўляецца так званая ідэя стварэння «музея ў чамадане», якая сёння стала актыўна ўкараняцца ў практыку. Экспазіцыя змяшчаецца ў адным або некалькіх чамаданах з музейнымі экспанатамі. Ідэя заключаецца ва ўменні хутка разгарнуць мабільную выставу, у якой можна маніпуляваць музейнымі прадметамі, што вельмі важна для дзяцей, паколькі яны асвойваюць свет актыўна і практычна. У сваёй дзейнасці мы выкарыстоўваем форму «Музей у чамадане» (калі прадметы нашага музея вывозяцца за яго межы).
Мэта праекта: фарміраванне цікавасці да гісторыі роднага краю сродкамі музейнай педагогікі.
Задачы:
1. Далучэнне да культурных і гістарычных традыцый роднага краю.
2. Развіццё пачуцця духоўнасці і патрыятызму ў падрастаючага пакалення.
3. Выхаванне ў вучняў музейнай культуры.
4. Выпрацоўка навыкаў зносін з музейнымі прадметамі.
Абгрунтаванне праекта
Станаўленне грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы ў нашай краіне шмат у чым залежыць ад узроўню грамадзянскай адукацыі і патрыятычнага выхавання. Сёння карэнным чынам мяняюцца адносіны грамадзяніна РБ з дзяржавай і грамадствам. Ён атрымаў вялікія магчымасці рэалізаваць сябе як самастойную асобу ў розных галінах жыцця і ў той жа час узрасла адказнасць за свой лёс і лёс іншых людзей. У гэтых умовах патрыятызм становіцца найважнейшай каштоўнасцю, інтэгрыруючай не толькі сацыяльны, але і духоўна-маральны, ідэалагічны, культурна-гістарычны, ваенна-патрыятычны і іншыя аспекты. Ва ўмовах станаўлення грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы неабходна ажыццяўляць выхаванне прынцыпова новага, дэмакратычнага тыпу асобы, здольнай да інавацый, да кіравання ўласным жыццём і дзейнасцю, справамі грамадства, гатовай разлічваць на ўласныя сілы, уласнай працай забяспечваць сваю матэрыяльную незалежнасць. У фарміраванні такой грамадзянскай асобы, якая спалучае ў сабе развітую маральную, прававую і палітычную культуру, адчувальны ўклад павінен ўнесці сучасны музей. У сучасных адукацыйных умовах нельга недаацэньваць развіваючую ролю арганізацыі гісторыка-краязнаўчай дзейнасці. Шматгадовыя веды пра гісторыю роднага краю, дзе чалавек нарадзіўся, жыве, вучыцца і працуе, дзе стагоддзямі жылі яго дзяды і прадзеды, засваенне звестак аб прыродна-геаграфічных, экалагічных, эканамічных, культуралагічных яго асаблівасцях спрыяюць усведамленню навучэнца як асобы, як годнага грамадзяніна ў жыцці дзяржавы.
Актуальнасць
Праект актуальны тым, што ён спрыяе працэсу грамадзянска-патрыятычнага і ідэйна-маральнага выхавання, фарміруе ў навучэнцаў грамадзянскія ідэалы, якія служаць паказчыкам адносіны асобы да грамадства. А так жа праект дае магчымасць стварэння ва ўстанове адукацыі адзінай выхаваўчай прасторы. Годнасцю праекта з'яўляецца дыялагічнасць, звязаная з праблемнасцю, альтэрнатыўнасцю, неадназначнасцю гістарычных падзей. Плюралізм падыходаў, тлумачэнняў у ацэнцы гістарычных падзей і з'яў дазваляе матываваць вучняў да актыўнага пазнання гісторыі роднага краю. Адкрывае магчымасць для кожнага знайсці свою ўласную зацікаўленасць у прапанаваным даследаванні (напрыклад, вывучыць гісторыю сваёй сям'і, вёскі, школы). Усё гэта прывядзе да фарміравання даследчых і камунікатыўных уменняў навучэнцаў, дапаможа адчуць пачуццё любові да гісторыі сваёй Радзімы. У нашым музеі шмат матэрыялаў і экспанатаў, расказаць аб кожным з іх за адну аглядную экскурсію практычна немагчыма. Неабходны тэматычныя лекцыі, а таксама новыя формы правядзення лекцый і экскурсій. Якую новую форму працы мы можам выбраць для дзяцей дзіцячага садка? Форму гульні, так як дзеці гэтага ўзросту спазнаюць свет у працэсе гульні. Для дзяцей больш старэйшага ўзросту патрэбныя іншыя формы працы. Тады мы звярнуліся за дапамогай да мультымедыйных прэзентацый, так як з дапамогай прэзентацый можна цікава і змястоўна правесці паўнавартасную, разгорнутую лекцыю для навучэнцаў, іх бацькоў. У працэсе працы мы вырашылі наглядна прадставіць экспанаты з фондаў музея і расказаць пра іх у форме мабільнага «Музея ў чамадане».
Такім чынам, актуальнасць нашага праекта заключаецца ў папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны старэйшых пакаленняў, прывіццю падрастаючаму пакаленню павагі да гісторыі свайго Свіцязянскага краю.
Удзельнікі праекта
- Навучэнцы ДУА “Валеўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя школа”;
- Экскурсаводы Валеўскага гісторыка-краеведческого музея;
- Савет музея;
Тэрміны рэалізацыі праекта: 2014 – 2017.
Механізм рэалізацыі праекта:
Праект рэалізуецца кіраўніком музея, экскурсаводамі з дапамогай музейных экспанатаў, фотадакументаў, слайдаў, фільмаў, творчых заданняў.
Выкарыстаныя метады: - Даследчы;
- Інфармацыйны.
Чакаемыя вынікі:
Сістэма работы па рэалізацыі гэтага праекта будзе спрыяць:
-
развіццю ў вучняў грамадзянска-патрыятычных якасцей, пачуцця павагі да старэйшага пакалення, да яго гераічнага мінулага, далучэнню да традыцый і культуры краю, захаванню пераемнасці пакаленняў;
-
ўключэнню навучаэнцаў у сацыяльна-значную дзейнасць, актывізацыю пошукавай дзейнасці вучняў;
-
развіццю камунікатыўных, прэзентацыйных кампетэнцый, навыкаў даследчай, праектнай дзейнасці;
-
фарміраванню матывацыі вучняў да самарэалізацыі праз удзел у праектных заданнях;
-
назапашванню сістэматычных ведаў па гісторыі сваёй “малой” радзімы;
-
пасільнага, з улікам узросту навучэнцаў, авалодання метадамі гістарычнага пазнання, выпрацоўцы ўмення прымяняць іх да вывучэння і ацэнкі падзей мінулага і сучаснасці, працаваць з рознымі крыніцамі навуковай інфармацыі;
Функцыянаванне пректа даследавання дасць магчымасць:
-
выяўляць высокаматываваных навучэнцаў з мэтай далейшага развіцця іх даследчых здольнасцей;
-
фарміраваць сацыяльныя і грамадзянскія кампетэнцыі навучэнцаў;
-
дапаможа фарміраваць пазнавальную матывацыю, без якой немагчыма паспяховае навучанне;
-
садзейнічаць грамадзянскаму, патрыятычнаму выхаванню вучняў і іх асобаснага развіцця і паспяховай самарэалізацыі;
Мы спадзяемся, што дзякуючы праекту «Музей у чамадане» ў вучняў і выхаванцаў установы адукацыі сфарміруецца цікавасць да гісторыі роднага краю, дзеці навучацца звяртацца з музейнымі экспанатамі.
Апісанне навуковых тэорый і распрацовак, на аснове якіх
створаны праект
Аб неабходнасці вывучаць родны край, навакольнае жыццё, выкарыстоўваць мясцовы, лакальны матэрыял у навучанні і выхаванні вучняў, далучаць іх да сур’ёзных даследаванняў - пра гэта пісалі яшчэ Я. А. Каменскі, Ж.Ж. Русо, Г. Песталоцы і іншыя замежныя педагогі і вучоныя. У Расіі гэту ідэю развілі В. Н. Тацішчаў, М. В. Ламаносаў, Н. І. Новікаў, Ф. І. Янковіч, Н. М. Карамзін, К. Д. Ушынскі, В. П. Сямёнаў - Цян - Шанскі , В. О. Ключэўскі і многія іншыя вучоныя, педагогі, метадысты, пісьменнікі, філосафы, святары.
Каля 150 гадоў таму назад К. Д. Ушынскі, які вывучаў ідэі і вопыт айчыннай і замежнай педагогікі і школы, у прыватнасці швейцарскую, амерыканскую, англіскую і нямецкую, пісаў, што «поля родины, ее язык, ее предания и жизнь никогда не теряют непостижимой власти над сердцем человека», что они помогают возгореться «искрам любви к отечеству».
Экскурсія “Па старонках каменнага веку”
Экскурсія распрацавана для вучняў І ступені навучання. (Экскурсія праводзіцца ў форме тэатралізаванай дзеі, музей васкавых фігур першабытнасці ажывае ў ходзе расказа. Месца дзеяння: стаянка старажытных людзей у вёсцы Радагошча).
Экскурсавод 1: Добры дзень, паважаныя наведвальнікі.
Экскурсавод 2: Народны гісторыка-краязнаўчы музей Валеўскага сада-сярэдняй школы рады вітаць вас і запрашае на экскурсію “Па старонках каменнага веку”, якую мы прапануем правесці ў музеі васкавых фігур. Як вядома, каменны век – гэта перыяд гісторыі і культуры, на працягу якога прылады працы і зброя вырабляліся з каменя. Ён доўжыўся ад 100 да 35 тысяч гадоў таму назад. Каменны век дзяліўся на палеаліт (старажытны каменны век), мезаліт і неаліт. У сваю чаргу, палеаліт дзяліўся на ранні і позні. Ранні палеаліт супадае з ледавіковай эпохай, а для позняга палеаліта характэрна нешматлікая колькасць насельніцтва, якое пражывае на сучаснай тэрыторыі. Як лічыць гісторык і археолаг Э.М. Загарульскі, колькасць насельніцтва не перавышала 100 чалавек. У гэты час чалавек навучыўся здабываць агонь, будаваць жыллё, узнікла мастацтва. Да гэтага часу ўжо закончылася фарміраванне людзей сучаснага фізічнага тыпу – “Чалавека разумнага”.
У эпоху мезаліта закончыўся ледавіковы перыяд. Адбылася поўнае засяленне тэрыторыі Беларусі. Вядома 120 мезалітычных стаянак. Для жыцця людзей была характэрна прысвойваючая гаспадарка, калі чалавек толькі прысвойвае гатовыя прадукты, нічога не вырабляючы сам. У эпоху неаліта (новага каменнага веку) адбыўся пераход да вытворчай гаспадаркі, з’явілася земляробства і жывёлагадоўля. Гэта важная гістарычная падзея яшчэ называецца неалетычнай рэвалюцыяй. Экскурсавод 1 (дэманструе карту). Звярніце, калі ласка, сваю ўвагу на карту. - Наша Навагрудчына багата археалагічнымі помнікамі. За 4 км ад вёскі Валеўка, справа ад шашы Навагрудак-Свіцязь, у лесе, знаходзіцца курганны могільнік. Ён складаецца з 30 курганоў. А на заходнім беразе возера Свіцязь знойдзена археалагічная стаянка, але яна амаль размыта. Паміж вёскамі Валеўка і Радагошча, на мысе ракі Нёўда, знаходзіцца гарадзішча, якое адкрыта ў 1957 годзе вядомым археолагам з Санкт-Пецярбурга Фрыдай Гурэвіч. Давайце заглянем у жыццё нашых продкаў, на стаянку старажытных людзей у ваколіцах Валеўкі.
Экскурсавод 1: (гучыць музыка) на стаянцы ў адзенні са шкур звяроў першабытныя людзі выконваюць дзеянні, аб якіх распавядаецца ў экскурсіі.
Для задавальнення сваіх патрэб чалавеку былі неабходны мяса, шкуры, косці жывёл. Дзе іх узяць? У прыроды ў час палявання. Марай паляўнічых стаў мамант. Гэта жывёла вышынёй да 3 метраў і вагой некалькі тон. Каб лягчэй уявіць яго памеры, звярніце ўвагу на цікавы экспанат нашага музея – зуб маманта. Яго музею падарыла археолаг Фрыда Гурэвіч.
З костак маманта і яго магутных іклаў будавалі жыллё, якое пакрывалі шкурамі. Косці жывёл ішлі на паліва, з іх выраблялі розныя прылады працы. На паляванне ішлі з дзідай ці кап’ём, з лукам. Наканечнікі стрэл рабілі з каменя. Звярніце ўвагу, як яны выглядалі. Гэта матэрыялы раскопак на гары Радагошча, якія перадаў музею археолаг горада Гродна Сяргей Піваварчык.
Экскурсавод 2. Пасля адыходу ледавіка людзі пачалі займацца збіральніцтвам: ягады, грыбы, яблыкі, грушы, арэхі, бярозавы сок – усё гэта выкарыстоўвалася ў ежу.
Людзі вынайшлі зернацёрку. Яна перад вамі. Гэта вялікі камень, на якім жанчыны меншым каменем расціралі зерне, карані, расколвалі арэхі, драбілі косці жывёл.
У канцы каменнага веку часцей ужывалася каменная сякера. Спачатку людзі бралі кавалак каменю і адбівалі яго, а потым камень навучыліся шліфаваць на каменнай пліце, на якую падсыпалі мокры пясок. У бронзавым веку з’явілася свідраванне, і чалавек стаў выкарыстоўваць свідраваныя баявыя сякеры, якія добра трымаліся на доўгай драўлянай ручцы.
Экскурсавод 1. Перад Вамі яшчэ адна цікавая прылада працы – скрабок, якім апрацоўвалі скуры.
Значна папаўняла запасы ежы рыбалоўства …
Спачатку людзі лавілі рыбу рукамі на мелях, а потым сталі выкарыстоўваць гарпуны, вуды, невад. Перад вамі грузіла для невада. Экскурсавод 2. Назва вёскі Радагошча, дзе знаходзіцца стаянка, паходзіць ад бога гандлю Радагоста, а ўрочышча Крашчаніца магчыма з’яўлялася месцам хрышчэння язычнікаў. Цікавыя рэчы знойдзены падчас раскопак, у якіх, дарэчы, прымалі ўдзел і вучні нашай школы. Гэта ляпная і ганчарная кераміка, скарб, які складаўся з 7 бранзалетаў. Беларускі археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыць, што гарадзішча каля вёскі Радагошча – гэта адно з першых славянскіх пасяленняў на Гродзеншчыне, а першыя людзі з’явіліся тут у 1-м тысячагоддзі н.э. Калі вас зацікавіў матэрыял аб археалагічных раскопках у ваколіцах Валеўкі, мы раім вам пазнаёміцца з працай Э.Зайкоўскага “Раскопкі каля Радагошча”, якую падарыў аўтар нашаму музею. Паважаныя прысутныя! Народны гісторыка-краязнаўчы музей Валеўскага сад-сярэдняй школы гасцінна расчыняе дзверы для ўсіх сваіх наведвальнікаў і пазнаёміць вас з цікавымі старонкамі гісторыі Навагрудскага краю.
Экскурсія “Па старонках паэмы А.Міцкевіча “ Пан Тадэвуш”
Сёння няма такога кутка на зямлі, дзе б не ведалі і не чыталі твораў славутага сына беларускай зямлі, аднаго з найвялікшых паэтаў свету Адама Міцкевіча. Прасякнутая высокай духоўнасцю, любасцю да жыцця, да чалавека, яго паэзія пакінула глыбокі след у літаратурах многіх народаў.
Экскурсіўны маршрут прапанаваны намі, гэта спроба пазнаёміцца з мясцовасцю, якая стала цэнтрам падзей, апісаных у паэме “Пан Тадэвуш”, “Свіцязь”, “Свіцязянка”.
Маршрут пачынаецца з ваколіц вёскі Валеўка, дзе была сядзіба Чамброва. Чамброва – гэта маёнтак, дзе жыла маці А.Міцкевіча, і яна ж стала правобразам Сапліцова ў “Пане Тадэвушу”.
Наступны экскурсіўны аб’ект - гэта Свята-Петрапаўлаўская царква в.Валеўка – помнік архітэктуры і культуры 17 стагоддзя, якая раней была касцёлам. Мноства даследчыкаў лічыць, што менавіта яго апісвае Міцкевіч у час вянчання Зосі і пана Тадэвуша.
Экскурсія працягваецца каля возера Свіцязь, якое апета Міцкевічам у паэмах “Пан Тадэвуш”, “Свіцязь”, “Свіцязянка”.
Лагічным завяршэннем экскурсіі з’яўляецца літаратурны аддзел Народнага гісторыка-краязнаўчага музея Валеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, цэнтральная экспазіцыя якога прысвечана жыццю і творчасці А.Міцкевіча.
Такім чынам, тэматычная экскурсія “Па старонках паэмы А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш””, спроба паказаць ваколіцы роднай вёскі Валеўка на старонках паэмы, аб’ядноўваючы гістарычную і літаратурную спадчыну.
“Па старонках паэмы А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш””
Добры дзень!
Запрашаю вас у цікавае падарожжа па ваколіцах нашай роднай вёскі Валеўка. На гэты раз гэта будзе тэматычная экскурсія “Шляамі Міцкевіча”.
І зараз мы знаходзімся ў 2 кіламетрах ад Валеўкі ў маёнтку Чамброва, дзе пражывала і выхоўвалася Барбара Маеўская, маці Адама Міцкевіча. А дзед паэта Адам Маеўскі служыў тут эканомам.
Давайце ж праз гэту, некалі ўязную браму пройдзем на тэрыторыю былога маёнтка.
Чамброва – прататым Сапліцова, якое апісана паэтам у паэме “Пан Тадэвуш”. У пачатку ХІХ ст. гаспадаром тут быў Ігнацій Узлоўскі. Аб добрых адносінах паміж Узлоўскім і Міцкевічамі сведчыць тое, што менавіта Анэля Узлоўская, гаспадыня маёнтка, стала хрышчонай маці Адама.
У нашай мясцовасці ёсць такая легенда. Адвакат Міцкевіч адправіўся на возера Свіцязь адпачыць. Калі ён выязджаў з Навагрудка, надвор’е было сонечнае, але хутка неба пакрылася хмарамі, пачалася навальніца, якую і рашыў перачакаць Мікола Міцкевіч у сядзібе Чамброва, дзе яго гасцінна сустрэлі, а духмяную гарбату паднясла прыгожая дзяўчына, якую з першага погляду пакахаў адвакат. Так адбылося знаёмства бацькоў Міцкевіча менавіта тут.
А цяпер звернемся да заўваг да дзявятай кнігі паэмы “Пан Тадэвуш”. Адам Міцкевіч піша: “Каля 1817 года нейкі У… перабіў у Навагрудскім ваяводстве цэлы Навагрудскі гарнізон і ўзяў у палон афіцэраў”. Гэта быў не літаратурны вымысел, а рэальны факт з жыцця тагачаснага гаспадара Чамброва Ігнація Узлоўскага.
У 1826 годзе маёнтак набыў адвакат Казімір Карповіч, апошнім уладальнікам перад Другой Сусветнай вайной быў унук Караль – прыродазнаўца, даследчык флоры і фаўны Міншчыны і Навагрудчыны.
Вось на гэтым месцы знаходзіўся сядзібны дом. Салон упрыгожваўся карцінамі, партрэтамі. У кабінеце знаходзілася калекцыя матылёў і жукоў, якую сабраў Караль Карповіч. У сядзібе была багатая бібліятэка і сямейны архіў.
У маёнтку быў прыгожы парк, а ў аранжарэі вырошчвалі абрыкосы і вінаград. Вось гэтыя ліпы памятаюць паэта.
Ад сядзібы практычна нічога не засталося, рэшткі бровара, сыраварня. Захаваўся фамільны могільнік, дзе знаходзіцца капліца Карповічаў.
Міцкевіч
У паэме “Пан Тадэвуш” Міцкевіч апісвае вянчанне Зосі з панам Тадэвушам у касцёле. Гэта апісанне супадае з апісаннем Свята-Петрапаўлаўскай царквы ў вёсцы Валеўка, давайце наведаемся туды.
У 1685 годзе ў вёсцы Валеўка, бліжэйшым да возера Свіцязь населеным пункце, Брэсцкі ваявода Стэфан Курча заснаваў кляштар дамініканцаў і фундаваў драўляны касцёл Святой Тройцы, архітэктура якой мела рысы стылю барока. У 1830 годзе касцёл быў ператвораны ў праваслаўную царкву. Будынак выкананы без выкарыстання цвікоў.
Давайце зойдзем сюды. Звярніце ўвагу на пазалочаны іканастас, які быў перавезены сюды з Варшавы з Аляксандра-Неўскага сабора. У ім іконы школы вядомага рускага мастака Васняцова.
Яшчэ адна святыня храма – гэта ікона Міколы-Чудатворца, якая напісана на гары Афон у 1897 годзе ў кельі Іанна Златавуста.
У нарысе “Зямля пад белымі крыламі” Уладзімір Караткевіч апісвае нашу царкву. Ён тут неаднаразова бываў. Запрашае і вас наведаць яе.
Паглядзіце, які прыгожы від. Узгорак, на якім размешчана царква – гэта самая вышэйшая кропка нашай вёскі. А вось гэта шаша вядзе да возера Свіцязь.
Гушчар лесу пахне чаборам і мёдам,
Жывіцы настоем смалістым,
Там возера Свіцязь, як шыбіна лёду,
Ляжыць паміж дрэваў цяністых.
Пісаў Міцкевіч
Вось мы і на беразе возера Свіцязь, апетага паэтам. Возера ледавіковага ўтварэння. Даўжыня возера - 1,7 км, найбольшая шырыня – 1,6 км, найбольшая глыбіня – 15 м, сярэдняя - 3,5 м.
Як душа беларуса, наша Свіцязь, адчыненая і даверлівая. Ні ад каго яна не хавае сваёй прыгажосці.
А ў вадзе стаіць свіцязянка. Менавіта стаіць і не русалка. І не ногі, а не рыбін хвост - чаму? Яна – тварэнне Адама Міцкевіча, прыйшла з яго балады “Свіцязь”.
Аднак раскажу я! Не рыбу спаймалі:
У сецях- кабета жывая!
Твар – ясны і гожы, а вусны - каралі,
Да плеч валасоў лён спадае.
На бераг ступае! Усе скамянелі
На месцы ад дзіўнай праявы.
У страху адгэтуль даць ходу хацелі,
Ды голас пачулі ласкавы.
Возера авеяна шматлікімі легендамі. Паслухайце адну з іх. Калісьці на месцы возера быў горад. Ворагі напалі на яго нечакана. Мужчыны ў гэты час дапамагалі абараняць горад Навагрудак. Безабаронныя жанчыны сталі прасіць у Бога, што ім лепш загінуць ,чым трапіць у палон. Раптам горад разам з жыхарамі на вачах у ворага стаў апускацца пад зямлю, а тое месца стала запаўняцца слязамі яго жыхароў. Таму і вада ў Свіцязі чыстая і празрыстая. У месячную ноч дзяўчаты-свіцязянкі выходзяць на бераг.
Сярод рэдкіх раслін-водарасляў сустракаюцца: лабелія Дортмана, прыбярэжніца аднаклеткавая, тэтрадыніум яванікум, венерын чаравічак і іншыя.
Але Свіцязь мае навуковую каштоўнасць яшчэ і таму, што на берагах возера ў вельмі даўнія часы пачаў сяліцца чалавек. Тут знойдзены рэшткі стаянкі, але яна амаль размыта.
З 1970 года створаны дзяржаўны ландшафтны заказнік “Свіцязянскі”.
Але ж звернемся ізноў да Міцкевіча.
Мы працягваем нашу экскурсію ў літаратурным аддзеле Народнага гісторыка-краязнаўчага музея Валеўскага сада-сярэдняй школы.
“О Навагрудскі край – мой родны дом,
Куды б мяне не кінуў лёс жыццёвы,
Забыць я не магу твае палі, дубровы” – пісаў паэт.
У сваіх творах А.Міцкевіч апяваў прыгажосць Навагрудчыны. У паэмах “Свіцязь”, “Свіцязянка”, “Пан Тадэвуш” апісвае і нашу мясцовасць. Вось перад вамі здымак маёнтка Чамброва, які мы наведалі. Гэта макет хутара Завосся, дзе нарадзіўся паэт. Перад Вамі альтанка ў Туганавічах і домік, у якім спыняўся Міцкевіч.
Кастусь Цвірка пісаў: “Паэма “Пан Тадэвуш” – гэта велічная песня роднай Беларусі, як добра , што ў ёй ёсць і радкі аб нашай мясцовасці”.
Дарагія нашы госці,
Шаноўныя нашы сябры,
Прыязджайце на возера Свіцязь
к нам летам адпачыць у зялёным бары. Дадатак №2.
Экскурсія «Калі хочаш міру - памятай пра вайну»
Застаўшыся з маленства на вайне,
Я аднаго хачу, мая краіна:
Каб гэта скончылася ўсё на мне.
Каб гэта ўсё не стала доляй сына.
Ніл ГілевічЭкскурсавод: Людзі з даўніх часоў марылі аб неразгаданай таямніцы, нязведаных краінах, незвычайных знаходках. А што за вандроўка без чароўных сродкаў перамяшчэння ?! Якія з іх вы ведаеце? (Адказы.)
- Правільна, дыван-самалёт, машына часу. Ці існуюць яны ў рэальнасці? А ці існуе машына часу? (Адказы)
-Для ажыццяўлення сваёй мары людзі прыдумалі «машыну часу». Яна ёсць у 18 школах нашага раёна, а ў Наваградку іх некалькі. Мы часта становімся яе «пасажырамі». Адгадайце, што гэта за «машына» па наступных прыкметах:
-
у «машыне» трэба выконваць асаблівыя правілы паводзін, паводзіць сябе ціха, быць уважлівым, асцярожным, каб не перашкаджаць іншым і не збіцца са шляху;
-
рухавіком «машыны» з'яўляюцца рэдкія экспанаты, сярод якіх мноства фатаграфій, лістоў, асабістыя рэчы і многае іншае;
-
кіруюць ёю людзі, прафесіі якіх звязаны з спадчынай, гісторыяй.
- Хто здагадаўся, што гэта за «машына»? (Адказ: музей)
-Вось ужо больш за 50 гадоў у Валеўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе дзейнічае гісторыка-краязнаўчы музей, адзін з найстарэйшых школьных музеяў Рэспублікі Беларусь, створаны ў 1955 годзе. У 1968 годзе было прысвоена званне Народнага. Распавесці пра музей дапаможа чамадан. Тэма нашай экскурсіі «Калі хочаш міру - памятай пра вайну».
Мы пагаворым аб тым, як у неверагодна складаных умовах чалавек захаваў у сабе чалавека, як сіла чалавечага духу аказалася мацнейшай металу і агню, як згуртавала людзей адна на ўсіх мэта, любоў і нянавісць. (На фоне музыкі гучаць словы).
Мова лічбаў скупая, але ўслухайцеся і ўявіце ... Калі б мы захацелі ўшанаваць адной хвілінай маўчання кожнага з загінуўшых у вайну савецкіх людзей, то чалавецтву прыйшлося б анямець на 50 з лішнім гадоў. (гучыць першы куплет песні пра Брэсцкую крэпасць).
-У нашым «Музеі-чамадане» вы бачыце невялікую частку даху Брэсцкай крэпасці. Тут знаходзіцца 102 прабоіны ад куль і снарадаў. Гэта сведчанне таго, якія цяжкія баі ішлі там у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Сёння музей і Мемарыял Брэсцкай крэпасці- героя сталі цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання. Тысячы людзей з усяго свету едуць сюды, каб ушанаваць памяць і подзвіг герояў. У 1941годзе байцы больш за 30 нацыянальнасцяў стаялі на смерць за незалежнасць агульнай Айчыны. Наш абавязак - захаваць і данесці да будучых пакаленняў гэты ўнікальны сімвал подзвігу і доблесці служэння Радзіме. (гучыць апошні куплет песні пра Брэсцкую крэпасць).
Вялікі ўклад у перамогу над фашызмам ўнеслі партызаны. У нашым «Музеі-чамадане» вы бачыце фота партызанскай стаянкі. Дзе размяшчаліся партызанскія стаянкі? Чым займаюцца партызаны, прадстаўленыя на дадзеным фота?
(Адказ: у глухім лесе. Камандзір прымае даклад разведчыкаў, каваль рамантуе зброю, партызаны адпраўляюцца на заданне, вядуць палоннага немца, кухарка рыхтуе абед на імправізаванай кухні.)
- Баі былі гарачыя, надвор'е таксама. І добра, калі ў партызана з сабой была біклажках з вадой. Вы бачыце яе ў нашым «Музеі-чамадане». Нашу Беларусь у гады вайны называлі Партызанскай Рэспублікай.Усёй краіне вядомы імёны партызанскіх камандзіраў: Каржа Васілія, Бумашкова Ціхана, Заслонава Канстанціна, разведчыка штаба партызанскай брыгады Марата Казея. Бухенвальд, Асвенцым, Дахау, Саласпілс, Трасцінец - лагеры смерці, праз якія прайшлі сотні тысяч ваеннапалонных і мірных жыхароў дзясятка краін. У Саласпiлскiм лагеры смерці ў дзяцей для патрэб параненых нямецкіх салдат і афіцэраў выкачана 3500 літраў крыві. У нашым «Музеі-чамадане» маецца нагрудны знак вязня Бухенвальда. На ім паказаны нумар уладальніка. У лагеры ў чалавека не было ні імя, ні прозвішча, а толькі нумар. У Бухенвальдзе загінула 56 тысяч вязняў. (Гучыць другі куплет песні Бухенвальдский набат).
Прайшла вайна. І жыццё, і час рухаюцца наперад. Але вайна жыве ў памяці народа. Наступствы яе распасціраюцца далёка ў часе, яны жывуць у сямейных паданнях, у памяці бацькоў. Яны ва ўспамінах пераходзяць да дзяцей і ўнукаў. Памяццю жыве народ, без яе няма шляху ў будучыню.
(Гучыць апошні куплет песні “Бухенвальдский набат”).