САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ
У НАШ МУЗЕЙ
Гісторыка-краязнаўчы музей ва ўстанове адукацыі працуе з 1955г.
У 1968 годзе яму было прысвоена званне “ Народнага”.
Кіраўніком музея з моманту яго заснавання да 1996 года быў заслужаны настаўнік РБ Ускоў В.П., з 2015 года кіраўніцтва музеем на грамадскіх пачатках ажыццяўляе настаўніца гісторыі Санько Н.К.
Кіраўнік музея
Санько Нэля Канстанцінаўна
ДАТЫ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ
КАНТАКТНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ
Беларусь, Гродзенская вобласць, Навагрудскі раён
аг Валеўка, вул. Школьная, д.18 / 231403,
GRODNO REGION, NOVOGRUDOK DISTRICT, VALEVKA, SHKOLNAYA STREET, 18
Тэл.: (8-01597) 76-7-31
Маб. тэл. кіраўніка музея: +375293830042
Сайт:
Дзейнасць МУЗЕЯ
Музей займае плошчу 139 м.кв. і складаецца з раздзелаў: этнаграфічны куточак, за сівой завесай часу…(са старажытных часоў да 1945 г), О, Навагрудскі край – мой родны дом…(літаратурны раздзел), сцяжынка першая мая…(гісторыя школы), нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы ( гісторыя вёскі, калгаса), з гісторыі Свята-Петрапаўласкай царквы, флора і фаўна нашай мясцовасці.
Музей у школе – гэта цэнтр ідэйна-патрыятычнага выхавання, цэнтр навукова-даследчай працы вучняў і настаўнікаў.
Савет музея і вучні школы прымалі ўдзел у археалагічных раскопках на Радагошчанскай гары ў ваколіцах вёскі Валеўка сумесна з супрацоўнікамі інстытута археалогіі НАН Рэспублікі Беларусь Э.Зайкоўскім. Матэрыялы гэтай археалагічнай экспедыцыі былі прадстаўлены на Навагрудскіх гістарычных чытаннях і занялі І месца ў раённым конкурсе.
Музей падтрымлівае цесныя сувязі з УК “Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей” і з УК “Дом-музей А.Міцкевіча ў г.Навагрудку”. Нашы маладыя даследчыкі прыязджалі ў г. Гродна і сустракаліся з доктарам гістарычных навук, прафесарам Шведам В.В., дэканам факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДзУ Ярмусікам Э.С., дырэктарам Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Кітуркам Ю.В., мелі магчымасць папрацаваць у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна.
Адным з накірункаў даследчай дзейнасці з’яўляецца вывучэнне тапанімікі мясцовасці. Вынікам гэтай працы стаў “Тапанамічны слоўнік Свіцязянскага краю”, пачалі складаць слоўнік дыялектаў, збіраць і запісваць песні нашай мясцовасці. Нам удалося ўстанавіць прозвішчы настаяцеляў Свята-Петрапаўлаўскай царквы ў вёсцы Валеўка.
Пошукава-даследчы сектар запісаў успаміны ўсіх ветэранаў вайны, якія пражывалі і пражываюць на тэрыторыі Валеўскага сельскага Савета.
Праводзіцца вялікая фондавая работа. Вядзецца інвентарная кніга, у якую адразу робіцца запіс аб паступленні экспанатаў. Кніга пранумеравана, прашнуравана і замацавана пячаткай дырэктара школы, асобна вядзецца ўлік дапаможнага фонда. На паступаючыя экспанаты складаюцца ў 2-х экземплярах акты прыёмкі.
Музей праводзіць вялікую асветніцкую дзейнасць. Стала добрай традыцыяй праводзіць у залах музея ўрокі Мужнасці. Гэта такі патрыятычны праект, які мы назвалі “Ёсць такая прафесія – абараняць Радзіму”. Урок па тэме “Аперацыя Баграціён” даваў вучням ветэран вайны, былы настаўнік нашай школы Вінаград К.І., наступны ўрок з гэтага блока “Час выбраў нас…” праводзіў воін-афганец Піскун П.М., ён перадаў музею некалькі каштоўных экспанатаў, сярод іх – Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Савет музея традыцыйна ладзіць гасцёўні, куды запрашае цікавых людзей. Так, з прафарыентацыйнай мэтай у нас адбылася сустрэча з былым старшынёй савета музея Гасанавым Рустамам. Пад час вучобы ў школе Рустам тройчы станавіўся пераможцам Навагрудскіх вучнёўскіх гістарычных чытанняў. Рустам закончыў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, з’яўляўся Прэзідэнскім стыпендыятам, уладальнікам крапавага берэта. Сёння Рустам - камандзір падраздзялення брыгады спецназа РБ, аб ім часта пішуць у рэспубліканскім друку.
У маі 2016 годзе нашу гасцёўню наведалі шаноўныя госці з Рэспублікі Польшча: Іанна Пухальская – пра, пра, пра, праўнучка Анэлі Узлоўскай, хроснай маці А.Міцкевіча і Богдан Булгак, унук вядомага фотамастака Яна Булгака.
Сектар экскурсій не толькі распрацоўвае цікавыя маршруты для паходаў і экскурсій на Беларусі і за яе межамі, але і сам прапаноўвае тэматычныя экскурсіі “Возера Свіцязь – жамчужына Навагрудчыны”, “Гісторыя Валеўскай школы і інш. За апошнія гады музей наведала больш 3000 чалавек (дзяцей і дарослых), аб чым ёсць запісы ў кнізе наведвальнікаў.
З мэтай прапаганды гістарычных ведаў, савет музея выдае тэматычныя газеты, праводзіць віктарыны. У залах музея адбываецца прыём у грамадскія аб’яднанні БРСМ і БРПА. Цесныя сувязі мы падтрымліваем з салдатамі і афіцэрамі Навагрудскага гарнізона, сумесна ладзім мерапрыемствы ў школе і выязджаем у воінскую часць.
З асветніцкай дзейнасцю музей прапануе лекцыі “Возера Свіцязь – гісторыя і сучаснасць”, “Гісторыя калгаса “Свіцязь” і інш. Толькі за апошнія 5 гадоў сярод вучняў і аднавяскоўцаў было прачытана каля 50 лекцый. Асабліва шмат водгукаў было атрымана ў час свята вёскі Валеўка пад час мультымедыйнага краязнаўчага праекта “ Са святам, вёсачка”. Цікава прайшла рэалізацыя яшчэ аднаго краязнаўчага праекта да Года Роднай зямлі “ Зямля бацькоў – мая зямля”, на Радагошчанскай гары сіламі вучняў школы адбылася рэканструкцыя Грундвальдскай бітвы да 600-годдзя гэтай падзеі. Захапляюча прайшла гульня “Падарожжа ў ХІХ стагоддзе”. Вучні атрымалі заданні па здымках маёнтка Чамброў зробленых у ХІХ ст., а маёнтак не захаваўся, знайсці, дзе знаходзіліся пабудовы і на паперы рэканструяваць маёнтак.
Музей арганізаваў 5 выстаў: “Успомнім іх паімённа”(да 70-годдзя Перамогі), “Наша школьная краіна” (здымкі ўсіх выпускаў школы, пачынаючы з 1953 года) “ Прырода Навагрудчыны” , “Грундвальдскай бітве-600 год”, “Зямля бацькоў”.
Распрацаваны і праводзяцца тэматычныя экскурсіі і урокі-экскурсіі па гісторыі і літаратуры (усяго 23 тэмы), сярод іх некалькі інтэрактыўных: “Музей у чамадане”, “Гісторыя адной карціны” і інш., падрыхтавана і прачытана 41 лекцыя сярод вучняў і насельніцтва. Тэксты распрацаваных экскурсій і лекцый аформлены, падшываюцца ў асобную папку.
На падставе музейных матэрыялаў вучнямі былі падрыхтаваны навукова-даследчыя работы для ўдзелу ў конкурсах, даклады на канферэнцыі. За перыяд з 2013 па 2016 гг былі атрыманы 7 дыпломаў І, 6 дыпломаў ІІ і 3 дыпломы ІІІ ступені за ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах (Конкурс юных экскурсаводаў "Мая малая Радзіма" ў рамках рэспубліканскай акцыі «Жыву ў Беларусі, тым ганаруся"(Дыплом І ступені на рэспубліканскім этапе, намінацыя "сельскія школы".; навукова – практычная канферэнцыя вучняў «Край Гарадзенскі»(Дыплом І ступені ), Дыплом І ступені раённай навукова-практычнай канферэнцыі "Юнацтва. Навука. Культура" (секцыя "Я - даследчык"), конкурс па айчыннай гісторыі, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў ВАВ (Дыплом І ступені), віктарына “Вставай , страна огромная…”, прысвечаная 75-годдзю пачатку ВАВ (Дыплом ІІ ступені), 2 месца на міждународнай навукова-практычнай канферэнцыі "Калі гаворыць гісторыя: рэаліі мінулага і сучаснага".
Савет музея працуе ў рамках пагаднення паміж Міністэрствам асветы РБ і Беларускай Праваслаўнай царквою. Наш вопыт супрацоўніцтва быў надрукаваны ў часопісе “Праблемы выхавання”, 2006 год № 2, быў прадстаўлены на ІХ Свята-Еўфрасіньеўскіх чытаннях у г.Гомелі, на абласным семінары “Моладзь і рэлігія”, на старонках “Новогрудских епархиальных ведомостей”.
Музей займаецца рэкламна-інфармацыйнай дзейнасцю. Мы выдалі буклет аб нашай вёсцы, школе і музеі. Друкуем матэрыялы на старонках раённай газеты “Новае жыццё” і абласной газеты “ Гродзенская праўда”.