Станаўленне нацыянальнай самасвядомасці дзіцяці, асэнсаванне сваёй нацыянальнай самабытнасці пачынаецца з увагі да роднай мовы, культуры, гісторыі краіны. Глыбокае вывучэнне нацыянальнай спадчыны дазваляе чалавеку адчуць саю непаўторнасць, дакладна вызначыць сваё месца і ролю ў грамадстве,арганічна ўключыцца ў сусветную культуру.
Традыцыі беларускай нацыянальнай культуры назапашваліся стагоддзямі. Мы, якія жывём у 21 стагоддзі, маем вялікую і багатую спадчыну, пакінутую нам нашымі продкамі. Страціўшы духоўныя традыцыі, мы забіваем у сабе чалавека, маральную апору, творчыя здольнасці.
У цяперашні час, у сучасным моладзевым асяроддзі адбываецца страта цікавасці да свайго нацыянальнага мінулага, да сваёй культуры. Парушыліся традыцыі, парваліся ніткі, якія злучалі малодшыя і старэйшыя пакаленні. Бязлітаснае абсяканне сваіх каранёў, адмова ад народнасці вядзе да бездухоўнасці, адбівае жаданне ў чалавека праяўляць сябе творча.
У сувязі з гэтым, актуальнасць дадзенай тэмы заключаецца ў захаванні культурнай спадчыны нашага краю.
Мэта праекта: садзейнічаць далучэнню падрастаючага пакалення да фальклорнай культуры Свіцязянскага краю і выхаванне патрыятызму, пачуцця гонару і паважлівых адносін да сваёй малой радзімы і роднай мовы.
Мэтавая група: вучні 4 – 7 класаў
Задачы праекта:
1. Пашырыць веды вучняў пра гістарычную спадчыну свайго краю.
2. Далучыць школьнікаў да фальклорнай спадчыны Свіцязянскага краю і багаццяў нацыянальнай культуры.
3. Зацікавіць падрастаючае пакаленне гісторыяй свайго краю, абрадамі і звычаямі продкаў, мовай.
4. Выхоўваць беражлівыя адносіны да свайго мінулага.
5. Засвоіць паняцце духоўнай спадчыны, яе асноўных складовых.
6. Стымуляваць да вывучэння літаратурных крыніц, у тым ліку інтэрнэт-рэсурсаў , якія дазваляюць прасачыць гісторыю развіцця традыцыйнай культуры нашага краю.
Праектны прадукт: стварэнне інфармацыйна-камунікатыўнага рэсурса “О, Свіцязянскі край – мой родны дом!”, накіраванага на актыўнае вывучэнне літаратурна-краязнаўчай спадчыны Свіцязянскага краю, папулярызацыю і прапагандыскую дзейнасць праз СМІ, інтэрнэт- рэсурсы, культурна-асветніцкія мерапрыемствы і г.д.
Тэрміны рэалізацыі праекта: верасень 2018 года - май 2022 года.
Удзельнікі праекта:
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры
Вучні 4-7 класа
Кіраўнік Валеўскага народнага краязнаўчага музея
Настаўнік гісторыі
Настаўнік інфарматыкі
Настаўнік музыкі
Класныя кіраўнікі
Бацькі
Праграма паэтапнай рэалізацыі праекта:
1. Вывучэнне і аналіз інфармацыі і літаратуры па арганізацыі праектнай дзейнасці.
2. Вызначэнне задач праекта.
3. Месца праекта ў адукацыйнай сістэме установы адукацыі.
4. Вывучэнне і сістэматызацыя матэрыялу па вызначанай тэме.
5. Прэзентацыя педагагічных ідэй і творчых напрацовак настаўніцкага і вучнёўскага калектываў.
4. Збор фальклорных твораў: беларускіх народных песень нашай мясцовасці, прыказак, прымавак, загадак, легенд і паданняў, павер’яў.
5. Абмеркаванне і вызначэнне канчатковага прадукта праектнай дзейнасці.
6. Вызначэнне неабходных тэхнічных рэсурсаў: камп’ютарная сетка, прынтар, сканар, мультымедыя, інтэрнет-рэсурсы.
7. Выкарыстанне метадычнай, мастацкай, гістарычнай, краязнаўчай літаратуры.
8. Стварэнне інфармацыйна-камунікатыўнага рэсурса пад назвай “О, Свіцязянскі край – мой родны дом!”
9. Абарона інфармацыйна-камунікатыўнага рэсурса “О, Свіцязянскі край – мой родны дом!” на раённым конкурсе ”Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнет - 2018”.
10. Абагульненне матэрыялаў і размяшчэнне іх на старонках сайта установы адукацыі.
11.Папаўненне рэсурса новымі матэрыяламі і напрацоўкамі.
12. Трансляцыя вопыту на педагагічным савеце, метадычных аб'яднаннях, семінарах і г.д.
Comments