Уладзімір Караткевіч
1930-1984
Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 г. у горадзе Оршы Віцебскай вобласці ў сям'і бухгалтара. Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст. У час Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі ў Пермскай вобласці, пасля ў Арэнбургу. У 1944 г. вярнуўся ў Оршу, атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1954 г. скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Настаўнічаў у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (1954-1956), у Оршы (1956-1958). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя і сцэнарныя курсы ў Маскве. З 1962 г. жыў у Мінску. Пачаў друкавацца з 1955 года.
Духоўная атмасфера ў сям'і Караткевічаў была спрыяльная для развіцця будучага пісьменніка. Яго маці Надзея Васільеўна ў свой час скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве і некаторы час працавала вясковай настаўніцай. А што тычыцца цікавасці да гісторыі, дык яна напэўна перадалася ад дзеда Васіля Юльянавіча і ад дзядькі, матчынага брата - Ігара Васільевіча Грынкевіча, які настаўнічаў у Рагачове і ведаў шмат паданняў і легендаў... Менавіта дзед Васіль быў тым чалавекам, які " адкрыў Валодзю глыбіню і мудрасць беларускай народнай душы". Да таго ж у доме было мноства кніг: і рэшткі дзедавай бібліятэкі, і кнігі бацькоў, і свае. Усё гэта прывяло да таго, што маленькі Валодзя "чытаць, непрыкметна для іншых, навучыўся ў тры з паловаю гады, а пісаць трохі пазней". Нават недзе гадоў у шэсць пачаў пісаць вершы, але, па асабістым прызнанні, "на шчасце, хутка кінуў гэты занятак". Спрабаваў пісаць апавяданні, ілюстраваць іх. Таленты выяўляў разнастайныя: апрача "пісьменніцкай" дзейнасці маляваў, хадзіў у музычную школу. Праўда, усё гэта было "разнавіднасцю дзіцячай гульні".
Гады вучобы ў Кіеве вельмі паўплывалі на Валодзю. Ён ў студэнцтве пачаў сур'ёзна вывучаць мінулае нашага краю. І ў літаратуру ён прыйшоў з глыбокім веданнем гісторыі і разуменнем яе сэнсу ў жыцці кожнага беларуса.
Гады вучобы пачынаючага паэта ў Маскве з яе тэатрамі, музеямі, музычнымі заламі, літаратурнымі вечарамі з удзелам А.Твардоўскага і Ю. Бондарава, Г. Бакланава і Б. Акуджавы, Я. Еўтушэнкі і А. Вазнясенскага... паклалі пачатак грамадскіх перамен, усталяванне ў грамадстве гуманістычна-абнаўленчай плыні, натуральнасць у мастацкім жыцці. Можа, таму і творы, напісаныя ў гэтыя гады, сведчаць аб імкненні У. Караткевіча засвоіць шляхі развіцця славянскай культуры, супаставіць яе з еўрапейскім накірункам змен і адкрыццяў, знайсці іх перакрыжаванні і сумесныя знаходкі ў маральных і эстэтычных вартасцях.
Уладзімір Караткевіч неаднаразова бываў ў нашай вёсцы Валеўка, наведваў Святя-Петрапаўлаўскую царкву, асабіста быў знаёмы з айцом Міхалам, любіў гутарыць з ім. Айцец Міхал з пяштотай успамінаў гэтыя сустрэчы, называючы пісьменніка Уладзікам.
Караткевіч - заснавальнік нацыянальнага гістарычнага рамана. Ужо на пачатку творчага шляху звярнуўся да мінуўшчыны, да набыткаў фальклору, пра што сведчаць творы пад назвай "Казкі і легенды маёй Радзімы", дасланыя летам 1952 для ацэнкі Я. Коласу. Арыгінальна і непаўторна раскрыўся як паэт. Прыкметнымі з'явамі ў беларускай лірыцы сталі яго кнігі "Матчына душа" (1958), "Вячэрнія ветразі" (1960), "Мая Іліяда" (1969), "Быў. Ёсць. Буду" (1986). У прозе ўзняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Гісторыя цікавіла Караткевіча пераважна як прытча, легенда і ў тым плане, які ўплыў зрабіла яна на духоўнае жыццё народа, на яго грамадскую свядомасць. Пісьменніку характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны. Стварыў творы і пра сучаснасць: раман "Леаніды не вернуцца да Зямлі", аповесці "У снягах драмае вясна", "Чазенія» і інш.
Планаваў напісаць трылогію пра паўстанне 1863 – 1864 г., у якой меўся адлюстраваць адпаведна пярэдадзень, само паўстанне і яго вынікі. Створаны толькі 1-ы раман трылогіі - "Каласы пад сярпом тваім" (1962), які паклаў па сутнасці пачатак беларускай гістарычнай раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць "Зброя" (1964) - гнеўная выкрывальная сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х гг.
Заўважым, што творы У. Караткевіча выдаваліся не толькі на беларускай мове, але і іншых мовах сусвету. Творчасць У. Караткевіча добра ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Штуршком для напісання рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (1965) паслужыў запіс з "Хронікі..." М. Стрыйкоўскага аб тым, што на пачатку княжання Жыгімонта І з'явіўся чалавек, які прысвоіў сабе імя Хрыста. Гэта раман-прытча, філасофскі роздум аб прызначэнні чалавека. У аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха (1950) апісваюцца падзеі 1880-х г. у адным з глухіх куткоў Беларусі. Па жанры гэта гістарычных дэтэктыў, у якім асуджаецца зло.У рамане "Чорны замак Альшанскі" (1979) увасобіў думку пра непарыўную повязь часоў. Выкарыстаўшы прыёмы дэтэктыўнага жанру, аўтар у гэтым сацыяльна-псіхалагічныя і філасофскія творы звярнуўся да гісторыі, каб глыбей зразумець праўду жыцця і сэнс людскога існавання. Па-мастацку дасканала, з любоўю расказаў пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, літаратуру, этнаграфію, фальклор, прыроду ў нарысе Роднай Беларусі пісьменнік прысвяціў сваю кнігу "Зямля пад белымі крыламі"(1971), названую літаратурнымі крытыкамі своеасаблівай "візітнай карткай Беларусі".
Пераклаў на беларускай мову творы В. Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франка, М. Карыма і інш. У яго творчай спадчыне захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Па яго творах пастаноўліваюць мастацкія фільмы, тэле- і радыёспектаклі. Пісьменнік выступаў у абарону беларускай мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У 1970-я г. быў удзельнікам навук. экспедыцый "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі" Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, вёў на Беларускай тэлебачанні праграму "Спадчына". У Оршы і Віцебску яму пастаўлены помнікі. Памёр Уладзімір Караткевіч 25 ліпеня 1984 г., пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.