Уладзімір Урбановіч
1921-1999
Уладзімір Урбановіч - педагог-наватар, былы настаўнік Валеўскай сярэдняй школы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, стваральнік літаратурнага аддзела Валеўскага народнага гісторыка-краязнаўчага музея, мовазнаўца.
Ён быў адным з самых вядомых у Беларусі краязнаўцаў, педагогаў, вандроўнікаў, калекцыянераў, музейшчыкаў. Апантана ўлюбёным у свой родны край чалавекам. А яшчэ - шчырым беларусам, дэлегатам Устаноўчага з'езда ТБМ у Мінску.
2 жніўня 1921 года ў вёсцы Пудзіна на Лідчыне ў сялянскай сям'і нарадзіўся хлопчык. Яго назвалі Уладзімірам, а прозвішча ён меў Урбановіч.
У 1932 годзе ён скончыў пяць класаў і працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У 1938 годзе экстэрнам здаў экзамен за сямігодку і ў 1939 годзе паступіў у Жыровіцкую польскую сельскагаспадарчую гімназію Слонімскага павета.
Падчас акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Навагрудку, пасля якіх працаваў настаўнікам у пачатковых класах у Лідзе і ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. Пасля вайны завочна скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча і літаратурны факультэт Гродзенскага педінстытута. А калі скончыў педынстытут, то ўладкаваўся настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Райцаўскую сярэднюю школу Карэліцкага раёна, а з 1959 года - працаваў у Валеўскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна.
Выдатна жылося і працавалася Уладзіміру Урбановічу ў вёсцы Валеўка Навагрудскага раёна. Гэты чалавек быў адукаваны, ад Бога таленавіты і шчыры. Ён, ці не адзін з першых у тыя пасляваенныя гады, напісаў і выдаў у Беларусі краязнаўчую кнігу «Па дарагіх мясцінах» (Мн., 1964), дзе дзяліўся вопытам краязнаўчай работы па беларускай літаратуры ў сваёй Валеўскай сярэдняй школе.
Настаўнік Уладзімір Урбановіч у той час паказаў і апісаў, як трэба выкарыстоўваць краязнаўчы матэрыял на ўроках. Вывучаючы жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, а таксама пісьменнікаў-землякоў, ён з вучнямі на веласіпедах і пяшком абышоў, аб'ехаў, і зноў жа апісаў тыя мясціны, дзе нарадзіліся пісьменнікі, творчасць якіх вывучалі ў школе. Настаўнік-краязнавец са школьнікамі наведаў мясціны Адама Міцкевіча, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Цішкі Гартнага, літаратурную Баранавіччыну, Дзятлаўшчыну, Навагрудчыну, Стаўбцоўшчыну, Слонімшчыну і Уздзеншчыну, збіраючы новыя звесткі пра творчасць беларускіх літаратараў, запісваючы не толькі ўспаміны сваякоў, але і займаўся зборам вуснай народнай творчасці.
У Валеўскай сярэдняй школе краязнаўчы музей быў створаны яшчэ ў 1955 годзе. У ім былі гісторыка-этнаграфічны і аддзел прыроды. Калі ў школу прыехаў на працу Уладзімір Урбановіч, то ён дапоўніў музей літаратурным аддзелам. Уладзімір Аляксандравіч па ўсім свеце збіраў для музея розныя экспанаты. Ужо ў 1980 годзе ў Валеўскім народным краязнаўчым музеі налічвалася 1895 экспанатаў, з іх 978 - арыгінальных. Тады ў музеі былі каштоўныя рэчы, звязаныя з «Хронікай Быхаўца», з гісторыяй Любчанскай друкарні, матэрыялы пра Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цёткі, кнігі, паштоўкі, выдадзеныя суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца», друкарнямі Марціна Кухты і «Нашай нівы». Шырока была прадстаўлена заходнебеларуская літаратура, а таксама газеты і часопісы таго часу, фотаздымкі беларускіх літаратараў, каштоўныя дакументы.
Уладзімір Урбановіч з пісьменнікамі Максімам Танкам, Янкам Брылём, Барысам Сачанкам, Анатолем Вялюгіным, Петрусём Макалём, Анатолем Кудраўцом і іншымі на ганку Валеўскай школы.
У 1970 годзе Уладзімір Урбановіч выдаў сваю чарговую кнігу «Шляхамі паэтаў і герояў». Гэта было дапоўненае выданне, дзе аўтар цікава расказваў пра школьны літаратурны гурток, пра музей, апісваў паходы вучняў па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменнікаў і герояў беларускага народа, аўтар дзяліўся шматгадовым вопытам выкарыстання краязнаўчага матэрыялу на ўроках беларускай літаратуры. Калі першай кнігі наклад быў 2700 асобнікаў, то «Шляхамі паэтаў і герояў» - ажно 10 тысяч. І першая, і другая кнігі Урбановіча былі даволі папулярнымі, найперш сярод настаўнікаў. Іх раскуплялі імгненна. У беларускім друку на кнігі з'явіўся шэраг станоўчых рэцэнзій Аляксея Пяткевіча, Рыгора Шкрабы, Янкі Саламевіча, Уладзіміра Калесніка, Веры Ляшук, Сцяпана Александровіча. Напрыклад, Сцяпан Александровіч у часопісе «Полымя» ў ліпені 1971 года паведамляў: «Самае цікавае і патрэбнае ў кнізе «Шляхамі паэтаў і герояў» - гэта той багаты фактычны матэрыял, які могуць шырока выкарыстоўваць настаўнікі Беларусі, і ў першую чаргу Гродзеншчыны».
Пасля выхаду другой кнігі Уладзіміру Урбановічу выдаць больш кніг не ўдалося. Хаця ён напісаў сотні артыкулаў, нарысаў, даследаванняў, рэцэнзій і апублікаваў у газетах і часопісах, навуковых і папулярных выданнях. Пісаў пра мясціны і лёсы пісьменнікаў, выкладанне беларускай літаратуры ў школе, арганізацыю ў ёй навучальнага працэсу, пра друк Беларусі, беларускі фальклор, людзей культуры.
З 1958 года Уладзімір Урбановіч чытаў лекцыі па методыцы літаратурнага краязнаўства на абласных і рэспубліканскіх курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Ён быў сябрам рэспубліканскага журы па ацэнцы школьных падручнікаў, рэцэнзаваў падручнікі па беларускай літаратуры, з'яўляўся дэлегатам Устаноўчага з'езда Таварыства беларускай мовы.
У мяне, а таксама ў роднай пляменніцы Уладзіміра Урбановіча, бо сваіх дзяцей ён не меў, захоўваецца шмат публікацый, артыкулаў, рукапісаў педагога і краязнаўцы з Навагрудчыны. Гэта грунтоўныя даследаванні пра Адама Міцкевіча і Беларусь, у тым ліку і Навагрудчыну, пра старажытнае пісьменства і кнігадрукаванне на Навагрудчыне, пра Ігната Дамейку і сувязь Якуба Коласа і Янкі Купалы з Навагрудчынай і Лідчынай, пра Янку Нёманскага і Марылю Верашчаку, пра паўстанне 1863 года на Лідчыне і г.д. Назбіраюцца дзясяткі артыкулаў-даследаванняў, якія сёння склалі б не адну дыхтоўную гісторыка-краязнаўчую і літаратуразнаўчую кнігу Уладзіміра Урбановіча, а таксама асобнае выданне пра Адама Міцкевіча, пра якога ён ведаў шмат.
У «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» ёсць невялікая згадка пра Уладзіміра Урбановіча, дзе напісана, што ён з'яўляецца і аўтарам шэрагу артыкулаў па методыцы выкладання беларускай літаратуры, арганізацыі навучальнага працэсу, спалучэння школьных і пазашкольных заняткаў. Пра краязнаўства ў выкладанні беларускай літаратуры ў старэйшых класах, ролю краязнаўчага матэрыялу ў патрыятычным выхаванні вучняў, краязнаўства на службе ў настаўнікаў рускай і беларускай моваў, эстэтычнае выхаванне ў паходах па роднаму краю. А таксама пра дзясяткі іншых распрацаваных настаўнікам-краязнаўцам Урбановічам тэмаў, якія не састарэлі і сёння, іх смела можна прымяняць у школах, гімназіях і ліцэях.
У 1965 годзе Міністэрства адукацыі БССР зацвердзіла праграму настаўніка з Валеўкі, якая называлася «Праграма літаратурна-краязнаўчых гурткоў для васьмігадовых і сярэдніх школ і пазашкольных дзіцячых устаноў».
Да Урбановіча звярталіся па дапамогу і параду навукоўцы, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, педагогі, архівісты і літаратуразнаўцы з усёй Беларусі, а таксама з Літвы, Польшчы, Украіны. Ён вёў багатую перапіску, тысячы пісем ад вялікіх людзей, на жаль, згубіліся, але і шмат захавалася ў беларускіх архівах і музеях, у прыватных сховішчах. Уладзімір Урбановіч сябраваў амаль з усімі дзеячамі беларускай культуры і пісьменнікамі. У яго доме і ў школе ў Валеўцы шмат разоў пабывалі Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Генадзь Каханоўскі, Уладзімір Калеснік, Ігар Лучанок, Аляксей Карпюк, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Пятрусь Макаль, Фёдар Янкоўскі, Ян Скрыган, сваякі Якуба Коласа і Адама Міцкевіча і сотні іншых вядомых нам асобаў. Ён заўсёды знаёміў гасцей з Валеўкай, школьным музеем і, вядома ж, адвозіў іх на Свіцязь, дзе вяліся шчырыя гутаркі пра Беларусь, родную мову і культуру…
За сваю педагагічную і краязнаўчую дзейнасць Уладзімір Урбановіч быў узнагароджаны рознымі граматамі і дыпломамі, а таксама значком «Выдатнік народнай асветы». Ужо пасля смерці, 2 лютага 1999 года, яго пасмяротна занеслі ў Кнігу Славы Навагрудскага раёна.