top of page

Міфы

  Нашы продкі былі безабаронныя перад стыхіямі прыроды. Назіраючы за прыродай, яны вытлумачвалі з’явы навакольнага свету паводле сваіх уяўленняў, здагадак. У адным выпадку прыпадабняючы прыроду да чалавека, у другім — насяляючы свет незвычайнымі істотамі, волатамі, багамі і духамі, людзі прыдумвалі фантастычныя гісторыі пра з’явы прыроды. Ад дзеда ўнуку пераходзілі гэтыя паданні — вусныя апавяданні пра мінулае.

   Адчуваючы сябе часцінкай прыроды, людзі адухаўлялі яе, верылі, што яна можа дапамагаць чалавеку ў яго штодзённых клопатах альбо, наадварот, шкодзіць яго жыццю. Нашы продкі баяліся сваімі размовамі, дзеяннямі, учынкамі ўгнявіць сілы прыроды і таму ўсяляк стараліся ім дагадзіць, улагодзіць іх. Яны абагаўлялі птушак (зязюлю, бусла, ластаўку), жывёл, звяроў і іншых істот (каня, казу, ваўка, мядзведзя, вужа, змяю), пакланяліся кветкам (папараць-кветцы, зязюльчыным слёзкам, браткам), дрэвам (дубу, бярозе, рабіне, каліне, явару, грушы). Свяшчэнным дрэвам і камяням-валунам дзе-нідзе людзі пакланяюцца і да нашага часу. Вярба, паводле народных паданняў, — тужлівае і самотнае дрэва, якое заўсёды спрыяе людзям, клапоціцца пра іх; рабіна валодае цудадзейнай здольнасцю лячыць людзей ад хвароб, а асіна і елка, наадварот, лічыліся дрэвамі нядобрымі, іх баяліся разводзіць побач з жытлом. Продкі верылі, што зламанае ці пакрыўджанае дрэва можа жорстка і бязлітасна расправіцца з крыўдзіцелем. Калі, напрыклад, чалавек гінуў ад паваленага дрэва, лічылі, што яно за нешта адпомсціла яму.

   Да нашых дзён захавалася павер’е, што вялізныя густыя дрэвы — дуб, ліпа, вяз, бяроза — валодаюць розумам. А ў купальскую ноч дрэвы нібыта пераходзяць з месца на месца, размаўляюць паміж сабой, і чалавек можа падслухаць іх гаворку.

    Асаблівай пашанай карысталіся дрэвы, якія раслі ля крыніц, рэчак, азёраў, бо ў такіх мясцінах людзі звярталіся ў сваіх малітвах і да дрэў, і да «жывой» вады.

   З народных легенд можна даведацца, што калісьці даўным-даўно ў дрымучых лясах жылі незвычайныя людзі — асілкі. Асілкі тыя былі высокія, магутныя, а голас мелі, як звон, гучны. Бывала, калі хтосьці з іх крыкне на ўвесь голас ды свісне, дык якое б дрэва ні было вялікае, а зваліцца. Вось якія былі яны, тыя асілкі. І жонкі іхнія былі вя лікага росту, дужыя і нараджалі кожны раз па двое-трое дзяцей. Гаспадаркі яны не трымалі, не было ў іх ні скацінкі свойскай, ні прыпасу, ні запасу. Ні хлеба, ні лёну не сеялі. Карміліся тым, што лавілі па лясах звяроў ды ў водах рыбу. Адзенне сабе яны шылі са звярыных шкур. Вось так і жылі. Інструменту ў іх амаль ніякага не было. Кажуць, што была на ўсіх адна сякера, ды і тая не жалезная. Але гарадзішчы яны ўсё ж будавалі. Маючы ўсяго адну сякеру, асілкі перакідвалі яе з гарадзішча на гарадзішча, бо не хацелі траціць часу на пераход. Крыкне, бывала, асілак з аднаго гарадзішча ў другое: «Сякеру давай!», — а такі ж волат возьме сякеру дый кіне яму. Незвычайная была ў іх моц, за тое і называліся яны асілкамі. Гэта яшчэ нішто — сякеру перакінуць вярсты за тры, — бывала, трэба на будынак бярвенне, дык пойдзе каторы ў лес, вырве дрэва з карэннем ды так і валачэ на гарадзішча. Або камень спатрэбіцца на будоўлі, дык ён возьме яго дый шпурляне за вярсту ці больш, проста на гарадзішча. Некаторыя кідалі такія вялізныя камяні, што былі велічынёю ў рост чалавека, але не заўсёды гэтакія камяні даляталі да гарадзішча. А то ёсць мясціны, што зусім закіданыя камянямі. Дзяды казалі: тут асілкі адзін супроць аднаго ваявалі... Яны і на звяроў палявалі з камянямі, ад таго камяні і па сёння ляжаць у лясах. Калі перавяліся ў лясных гушчарах звяры і паменшала ў вадзе рыбы, асілкі пакінулі свае гарадзішчы, якія хутка запусцелі. Праз шмат гадоў прыйшлі ў тыя мясціны нашы дзяды, каб сеяць жыта і разводзіць жывёлу.

bottom of page