Вусная народная творчасць -
наша спадчына
За шматлікія стагоддзі сваёй гераічнай гісторыі наш таленавіты народ стварыў найбагацейшую духоўную спадчыну — безліч цудоўных міфаў, легенд, казак, песень, загадак, прыказак, прыкмет і павер’яў. Гэтыя творы вусна (паколькі яшчэ не было пісьмовай літаратуры) перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Кожны, хто расказваў легенду, казку ці спяваў песню, звычайна нешта забываў у змесце або свядома змяняў, дадаваў сваё, фантазіраваў, прыдумляў. З цягам часу імя першага аўтара забывалася і вусныя творы станавіліся калектыўнымі. Таму мы зараз гаворым, што аўтар нашага духоўнага нацыянальнага багацця — народ. Вусную народную творчасць яшчэ называюць ф а л ь к л о р а м, што ў перакладзе з англійскай мовы азначае «народная мудрасць».
Фальклор выступае як “адзін з відаў народнага мастацтва, які адлюстроўвае рэальнасць у вобразах, створаных пры дапамозе паэтычнага слова”. У фальклоры адлюстраваліся і аформіліся старажытныя вераванні людзей, звязаныя з уяўленнямі пра непарыўную сувязь чалавека з прыродай, продкамі, са светам духаў, а таксама пра магчымасць узаемадзеяння са звышнатуральнымі сіламі. Вусная народная творчасць дае багаты матэрыял для вывучэння традыцыйнай народнай культуры і асаблівасцей нацыянальнага менталітэту. Фальклорныя творы былі цесна звязаны са штодзённым жыццём чалавека. Яны ўвабралі ў сябе веды, вопыт многіх пакаленняў беларусаў, іх назіранні за навакольным светам, роздум пра месца ў ім чалавека. У фальклоры ўвасоблены духоўныя памкненні і спадзяванні нашых продкаў. Таму вусную народную творчасць лічаць паэтычнай гісторыяй народа. У старажытнасці вусная народная творчасць была непарыўна звязана з іншымі відамі мастацтва: песнямі, танцамі, народнымі гульнямі, святамі і відовішчамі. Нацыянальны фальклор і сёння жывіць творчасць беларускіх пісьменнікаў сваімі сюжэтамі і вобразамі.
Беларускі фальклор – найбагацейшы ў Еўропе. У ім надзвычай шырока і поўна адбіліся рысы міфалагічнага светапогляду нашага народа, асаблівасці яго жыцця ў старажытнасці, асноўныя рысы нацыянальнага характару.