top of page

Краязнаўчы музей

Гісторыка-краязнаўчы музей у дзяржаўнай установе адукацыі "Валеўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа" працуе з 1955 года. У 1968 годзе яму было прысвоена званне “Народнага”. Кіраўніком музея з моманту яго заснавання да 1996 года быў Заслужаны настаўнік РБ       Ускоў В.П.

  З 2015 года кіраўніцтва музеем на грамадскіх пачатках ажыццяўляе настаўніца гісторыі Санько Н.К.

   У савет музея уваходзіць 7 чалавек, якія ўзначальваюць: сектар уліку экспанатаў, экспазіцыйна-выставачны сектар, лектарскую групу, пошукава-даследчы сектар, сектар экскурсаводаў, рэкламна-інфармацыйны сектар і старшыня савета музея. Кожны з сектараў складаецца з трох чалавек , акрамя кіраўніка.
Музей займае плошчу 139 м.кв. і складаецца з  раздзелаў: этнаграфічны куточак, за сівой завесай часу…(са старажытных часоў да 1945 г), О, Навагрудскі край – мой родны дом…(літаратурны раздзел),  сцяжынка першая мая…(гісторыя школы), нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы ( гісторыя вёскі, калгаса), з гісторыі Свята-Петрапаўласкай царквы, флора і фаўна нашай мясцовасці У   кабінеце інфарматыкі з 2007 года працаваў раздзел “ Гісторыя вылічальнай тэхнікі”, дзе сабраны экспанаты розных мадэляў камп’ютараў, які з 2014 года стаў музеем вылічальнай і мультымедыйнай тэхнікі.
Музей у школе – гэта цэнтр ідэйна-патрыятычнага выхавання, цэнтр навукова-даследчай працы вучняў і настаўнікаў.
Савет музея і вучні  школы прымалі ўдзел у археалагічных раскопках на Радагошчанскай гары ў ваколіцах вёскі Валеўка сумесна з супрацоўнікамі інстытута археалогіі НАН Рэспублікі Беларусь Э.Зайкоўскім. Матэрыялы гэтай археалагічнай экспедыцыі былі прадстаўлены на Навагрудскіх гістарычных чытаннях і занялі І месца ў раённым конкурсе.
Музей падтрымлівае цесныя сувязі  з УК “Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей” і з УК “Дом-музей А.Міцкевіча ў г.Навагрудку”. Нашы маладыя даследчыкі прыязджалі ў г. Гродна і сустракаліся з доктарам гістарычных навук, прафесарам Шведам В.В., дэканам факультэта гісторыі і сацыялогіі  ГрДзУ Ярмусікам Э.С., дырэктарам Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Кітуркам Ю.В., мелі магчымасць папрацаваць у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна.
   Адным накірункам даследчай дзейнасці з’яўляецца вывучэнне  тапанімікі мясцовасці. Вынікам гэтай працы стаў “Тапанамічны слоўнік Свіцязянскага краю”, пачалі складаць слоўнік дыялектаў, збіраць і запісваць песні нашай мясцовасці.   Нам удалося ўстанавіць прозвішчы настаяцеляў Свята-Петрапаўлаўскай царквы ў вёсцы Валеўка.
Пошукава-даследчы сектар запісаў успаміны ўсіх ветэранаў вайны, якія пражывалі і пражываюць на тэрыторыі Валеўскага сельскага Савета.
    Музей праводзіць вялікую асветніцкую дзейнасць. Стала  добрай традыцыяй праводзіць у залах музея ўрокі Мужнасці. Гэта такі патрыятычны праект, які мы назвалі “Ёсць такая прафесія – абараняць  Радзіму”. Урок па тэме “Аперацыя Баграціён” даваў вучням ветэран вайны, былы настаўнік нашай школы  Вінаград К.І., наступны ўрок з гэтага блока “Час выбраў нас…” праводзіў воін-афганец Піскун П.М., ён перадаў музею некалькі каштоўных экспанатаў, сярод іх – Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Савет музея традыцыйна ладзіць гасцёўні, куды запрашае цікавых людзей. Так, з прафарыентацыйнай мэтай у нас адбылася сустрэча з былым старшынёй савета музея Гасанавым Рустамам. Пад час вучобы ў школе Рустам тройчы станавіўся пераможцам Навагрудскіх вучнёўскіх гістарычных чытанняў. Рустам закончыў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, з’яўляўся Прэзідэнскім стыпендыятам, уладальнік крапавага берэта. Сёння Рустам- камандзір падраздзялення брыгады спецназа РБ, аб ім часта пішуць у рэспубліканскім друку.
У маі гэтага года нашу гасцёўню наведалі шаноўныя госці з Рэспублікі Польшча: Іанна Пухальская – пра, пра, пра, праўнучка Анэлі Узлоўскай, хроснай маці А.Міцкевіча і Богдан Булгак, унук вядомага фотамастака Яна Булгака.
    Сектар экскурсій не толькі распрацоўвае цікавыя маршруты для паходаў і экскурсій на Беларусі і за  яе  межамі, але і сам прапаноўвае тэматычныя экскурсіі “Возера Свіцязь – жамчужына Навагрудчыны”, “Гісторыя Валеўскай школы і інш. За апошнія гады музей наведала больш як 3000 наведвальнікаў, аб  чым ёсць запісы ў кнізе наведвальнікаў.
   З мэтай прапаганды гістарычных ведаў, савет музея выдае тэматычныя газеты, праводзіць віктарыны. У залах музея адбываецца прыём у грамадскія аб’яднанні БРСМ і БРПА. Цесныя сувязі мы падтрымліваем з салдатамі і афіцэрамі Навагрудскага гарнізона, сумесна ладзім мерапрыемствы ў школе і выязджаем у воінскую часць.
    З асветніцкай дзейнасцю музей прапануе лекцыі “Возера Свіцязь – гісторыя і сучаснасць”, “Гісторыя калгаса “Свіцязь” і інш. Толькі за апошнія 5 гадоў сярод вучняў і аднавяскоўцаў было прачытана  больш за 40 лекцый. Асабліва шмат водгукаў было атрымана ў час свята вёскі Валеўка пад час мультымедыйнага краязнаўчага праекта “ Са святам, вёсачка”. Цікава прайшла рэалізацыя яшчэ аднаго краязнаўчага праекта да Года Роднай зямлі  “ Зямля бацькоў – мая зямля”,  на Радагошчанскай гары сіламі вучняў школы адбылася рэканструкцыя Грундвальдскай бітвы да 600-годдзя гэтай падзеі. Захапляюча прайшла гульня “Падарожжа ў ХІХ стагоддзе”. Вучні атрымалі заданні  па здымках маёнтка Ч
амброў зробленых у ХІХ ст. Маёнтак не захаваўся, неабходны было знайсці, дзе знаходзіліся пабудовы і на паперы рэканструяваць маёнтак.

Музей арганізаваў многа выстаў: “Успомнім іх паімённа”( да 70-годдзя Перамогі), “Наша школьная краіна” (здымкі ўсіх выпускаў школы, пачынаючы з 1953 года) “ Прырода Навагрудчыны” , “Грундвальдскай бітве-600 год”, “Зямля бацькоў” і другія.

   Распрацаваны і праводзяцца тэматычныя экскурсіі і урокі-экскурсіі  па гісторыі і літаратуры (усяго 23 тэмы), сярод іх некалькі інтэрактыўных: “Музей у чамадане”, “Гісторыя адной карціны” і інш. Тэксты распрацаваных экскурсій  і лекцый аформлены, падшываюцца ў асобную папку.

На падставе музейных матэрыялаў вучнямі былі падрыхтаваны навукова-даследчыя работы для ўдзелу ў конкурсах, даклады на канферэнцыі. За перыяд з 2013 па 2016 гг былі атрыманы 7 дыпломаў І, 6 дыпломаў ІІ і 3 дыпломы ІІІ ступені за ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах (Конкурс юных экскурсаводаў "Мая малая Радзіма" ў рамках рэспубліканскай акцыі «Жыву ў Беларусі, тым ганаруся"(Дыплом І ступені на рэспубліканскім этапе, намінацыя "сельскія школы".; навукова – практычная канферэнцыя вучняў «Край Гарадзенскі»(Дыплом І ступені ), Дыплом І ступені раённай навукова-практычнай канферэнцыі "Юнацтва. Навука. Культура" (секцыя "Я - даследчык"), конкурс  па айчыннай  гісторыі, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў ВАВ (Дыплом І ступені), віктарына   “Вставай , страна огромная…”, прысвечаная 75-годдзю пачатку ВАВ (Дыплом ІІ ступені), 2 месца на міждународнай навукова-практычнай канферэнцыі "Калі гаворыць гісторыя: рэаліі мінулага і сучаснага".

Савет музея працуе ў рамках пагаднення паміж Міністэрствам асветы РБ і Беларускай Праваслаўнай царквою. Наш вопыт супрацоўніцтва быў надрукаваны ў часопісе “Праблемы выхавання”, 2006 год № 2, быў прадстаўлены на ІХ Свята-Еўфрасіньеўскіх чытаннях у г.Гомелі, на абласным семінары “Моладзь і рэлігія”, на старонках “Новогрудских епархиальных ведомостей”.
Музей займаецца рэкламна-інфармацыйнай дзейнасцю. Мы выдалі буклет аб нашай вёсцы, школе і музеі. Друкуем матэрыялы на старонках раённай газеты “Новае жыццё” і абласной газеты “ Гродзенская праўда”.

LIT3.jpg
Экскурсія па музею
bottom of page