Песні
Свіцязянскага краю
Наша народная песня вылілася з сэрца, вуснаў усяго народа беларускага і таму называецца народнай. Песні наш народ складаў на працягу вякоў у розныя хвіліны свайго жыцця. Ён уклаў у вузкія рамкі песні ўсе свае радасці, свой смех, сваё гора, долю і нядолю, слёзы жыццёвыя. Песня народная поўніцца шчырымі словамі, у ёй, быццам працавітымі пчолкамі, сабрана ўсё багацце красы і непаўторных узораў. З пакалення ў пакаленне народ — ад дзеда ўнуку, ад унука праўнуку — перадаваў у песні глыбокую і праўдзівую навуку тым, перад кім яшчэ слаўся няпройдзены цяжкі жыццёвы шлях.
Толькі кожнае новае пакаленне да дзедавай навукі-песні дадавала ўласнымі вуснамі свой погляд на жыццё, свой боль, свой жаль, свой смутак і сваю радасць. Таму для нас народная песня такая зразумелая, родная, блізкая сэрцу. У ёй мы чуем і клопат маці, і радасць брата, і надзею сястры, і залатыя свае ўласныя сны.
Наша песня народная гучала ўлетку пры кожнай працы — ці то на полі, ці то на лузе, ці ў лесе, ці ў садочку. А прыходзіла зіма — дзьмулі халодныя вятры і завеі — народная песня тулілася пад страхой — у цеснай беларускай хатцы, жыла ў ёй разам з людзьмі, з іх думкамі і жаданнямі. Сэрцу чалавечаму песня дае ўцеху, а дзеткам, якія слухаюць яе, — жывую навуку (Паводле Цёткі).
Песня — вершаваны і музычны твор для выканання голасам (спявання). У залежнасці ад жыццёвага прызначэння народныя песні ўмоўна падзяляюць на абрадавыя і пазаабрадавыя. Надзвычай багатыя беларускія абрадавыя песні. Сямейна-абрадавыя песні суправаджалі найбольш значныя падзеі ў жыцці чалавека — нараджэнне, вяселле (шлюб), смерць.
Каляндарна-абрадавыя песні выконваліся падчас свят, вызначаных земляробчым календаром селяніна — сейбіта і хлебароба. Сваім зместам і вобразамі гэтыя песні спалучаны з працоўнай дзейнасцю чалавека, яго адвечнымі клопатамі пра ўраджай як аснову жыцця, дабрабыту і шчасця. Пры дапамозе спеваў, танцаў, загавораў нашы продкі імкнуліся паўплываць на сілы прыроды, каб своечасова засеяць ніву, вырасціць і сабраць добры ўраджай, зберагчы ад дзікіх звяроў і хваробаў статак, палепшыць свой лёс. Каляндарна-абрадавыя песні надавалі святам вясёласць, забаўляльнасць, непаўторнасць. Песні выконвалі магічную ролю: людзі звярталіся з просьбамі, пажаданнямі, заклінаннямі, зваротамі да сіл прыроды, стараліся пераканаць іх, задобрыць, улагодзіць. Нашы продкі ўшаноўвалі Каляду, Купалу, прасілі спрыяння ў гаспадарцы, ладу ў сям’і, добрага здароўя сваім родным, шчаслівага лёсу дзецям. І, каб быць лепш пачутымі, свае просьбы шмат разоў паўтаралі. Пазаабрадавыя песні не былі звязаныя з пэўнымі датамі, святамі ці гульнямі. Іх спявалі ў розных жыццёвых абставінах: на працы і ў час адпачынку, дома і ў полі, прылюдна і сам-насам. Гэтыя песні зразумелыя і блізкія ўсім людзям: у іх выявіліся лепшыя рысы беларускага нацыянальнага характару.