top of page

Прыкметы і павер'і Свіцязянскага краю

    Жыццё і дабрабыт нашых продкаў залежалі ад штодзённай цяжкай працы на зямлі, ведання прыродных законаў, умення ладзіць свой быт. Яны былі назіральныя і мудрыя, хоць часам у нечым крыху наіўныя. Пільна ўглядаючыся ў навакольную прыроду, людзі бачылі пэўную сувязь паміж некаторымі прыроднымі з’явамі і вынікам сваёй працы — добрым ураджаем:

                 «Няма ў сакавіку вады — няма ў красавіку травы».

  Аналізуючы свае назіранні, людзі заўважалі пэўныя заканамернасці. На іх падставе рабілі высновы, як разумна весці гаспадарку:

                «Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе».

    Гэтыя падказкі — народныя прыкметы — паступова распаўсюджваліся ў народным асяроддзі і станавіліся штодзённымі дарадцамі селяніну. Яны прадказвалі надвор’е і дапамагалі размеркаваць сілы, каб своечасова распачаць працу (сеяць, выганяць на пашу жывёлу, збіраць ураджай), засцерагалі ад неабачлівых паводзін:

                «Калі год сухі, купляй пчолку, калі мокры — кароўку».

  Прыкмета — трапнае народнае выслоўе, у якім прадказваецца пэўны вынік, пацверджаны шматвяковым народным вопытам. Народныя прыкметы па форме і змесце набліжаюцца да прыказак і загадак. Яны распавядаюць пра сусвет, прыродныя з’явы і іх наступствы, пра сялянскі побыт і клопаты хлебароба:

                «Жураўлі ляцяць высока — зіма яшчэ далёка»,

                «Студзень пагодны — год будзе плодны».

  Сціслыя, дакладныя, вобразныя прыкметы лёгка запаміналіся і беражліва перадаваліся з пакалення ў пакаленне, захоўваючыся ў памяці людзей. Ад прыкмет трэба адрозніваць павер’і. Павер’е — вусны народны аповед, заснаваны не на жыццёвым вопыце, а на фантазіі, выдумцы, часам на містыцы. Няўменне чалавека растлумачыць многія прыродныя з’явы выклікала ў яго страх, абуджала фантазію, нараджала неверагодныя здагадкі. Людзі шчыра верылі, што зязюля здольная сваім куваннем прадказаць працягласць чалавечага жыцця, што сонечнае зацьменне — прадвеснік няшчасця ці войнаў, а маланкі і грымоты сведчаць, што сілы прыроды злуюцца на людзей. Сапраўдным вешчуном у народзе лічыўся бусел. Калі людзі бачылі яго, пыталіся:

                «Бусел-калода, што заўтра будзе — дождж ці пагода?»

   Бусел махае крыламі — будзе дождж, ціха лунае над зямлёю ці апусціцца ўніз — на добрае надвор’е. Прыкметы і павер’і, якія дайшлі да нас, — толькі невялікая часцінка духоўнага народнага скарбу. Многае знікла без следу, і толькі дзякуючы руплівым збіральнікам гэтыя зярняткі народнай мудрасці захаваліся да нашых дзён. Яны сведчаць пра незвычайную ўражлівасць нашых продкаў, іх фантазію, жаданне спасцігнуць незразумелае, таямнічае.

bottom of page