Легенды і паданні
Свіцязянскага краю
У духоўнай спадчыне беларусаў асобае месца займаюць народныя легенды. Легенда — фантастычнае апавяданне, заснаванае на паэтызацыі гістарычных падзей і ўслаўленні народных герояў. Легенды распавядаюць пра стварэнне Сусвету і Зямлі, паходжанне людзей і розных жывых істот, узнікненне паселішчаў, рэчак і азёраў, утварэнне імёнаў і прозвішчаў.
Звычайна ў легендах апісваюцца неверагодныя здарэнні і дзейнічаюць незвычайныя героі. Тут, як і ў казках, амаль заўсёды існуе барацьба паміж дабром і злом: выключныя героі змагаюцца з фантастычнымі варожымі сіламі. Легенды ўслаўляюць высокія маральныя каштоўнасці, любоў да радзімы і гатоўнасць рашуча абараняць яе. Некаторыя легенды пазбаўлены чарадзейных элементаў, яны паведамляюць пра сапраўдныя падзеі, цікавыя здарэнні або тое, што магло адбывацца ў рэальнасці. Звычайна сведка або сам удзельнік падзей расказвае пра цікавыя жыццёвыя выпадкі і рэальных герояў. Такія легенды дапамагаюць глыбей пазнаць гісторыю свайго краю, мінулае і сучаснае беларусаў. У іх раскрываюцца добрасумленныя адносіны чалавека да сваіх абавязкаў, беражлівае стаўленне да прыроды, добразычлівыя стасункі паміж людзьмі.