top of page

Свет загадак і цудаў

Свіцязянскага краю

12.jpg
Загадкі нашага краю

   Загадкі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Нашы продкі лічылі, што слова валодае магутнай уладай і сілай: можа прынесці палёгку, вылечыць жывую істоту або яе знішчыць. Адухаўляючы прыроду, надзяляючы яе чалавечымі якасцямі (уменнем думаць, адчуваць, разумець людскую мову), яны спрабавалі ўтойваць свае сапраўдныя намеры. Людзі, каб абараніць сябе і скрытным словам перахітрыць прыроду, сталі ўжываць умоўныя назвы прадметаў, з’яў, дзеянняў. Палюючы на звяроў, ловячы рыбу, збіраючы грыбы, ягады, арэхі, яны параўноўвалі таямнічае, загадкавае, невядомае са звыклым, будзённым: неба — з полем, зоркі — з велізарным статкам на ім, месяц — з пастухом.

  Так нарадзілася загадка:

               «Поле не мерана, авечкі не лічаны, пастух рагаты».

   У загадках вядомая рэч паўстае ў нечаканым, незвычайным вобразе. Загадка — вобразнае апісанне ўтоенага прадмета ці з’явы, якое патрабуе разгадкі. Загадкі ствараюцца на аснове параўнання ў нечым падобных з’яў і прадметаў. Каб адгадаць загадку, трэба зразумець сутнасць утоенага і супаставіць яго з тым, што названа ў загадцы:

               «Кішэні не мае, а сонца хавае, страху не мае, а ад ветру ўцякае, вачэй не мае, а слёзы пралівае». (Хмара.)

     Даўней самыя вопытныя і паважаныя людзі спецыяльна вучылі моладзь разгадваць загадкі, каб развіць розум, кемлівасць, фантазію, назіральнасць, трэніраваць памяць, прывучаць думаць. З цягам часу адгадванне загадак стала забавай. Таго, хто лёгка адгадвае загадкі, лічаць здагадлівым, разумным. Адгадайце загадку і вы:

               «Што гэта за свінка: на спіне дзеравяшка, а на жываце шарсцінка?»

    Часам загадка называе не адну, а некалькі істотных прыкмет:

               «Невялікі, рыжаваты, а хвост доўгі і калматы, на дрэве жыве, шышкі грызе». (Вавёрка.)

     Звычайна ў загадках з’явы прыроды надзелены якасцямі жывых істот:

               «Без рук, а малюе, без зубоў, а кусае». (Мароз.)

     Некаторыя загадкі нагадваюць задачы:

               «Дзве мацеры, дзве дачкі ды бабулька з унучкай. Колькі ўсіх?» (Трое: бабка, маці, дачка.)

   Загадкі не толькі цікавыя, займальныя, яны мілагучныя, складныя, падобныя да кароценькіх вершыкаў. Мова загадак — жывая, вобразная, трапная, выразная. Старажытныя загадкі вытлумачвалі з’явы прыроды, апісвалі сялянскі побыт, працу на зямлі. Сучасныя загадкі часта прысвечаны сённяшнім падзеям, тэхнічным дасягненням:  

               «Гудзе, як пчала, ляціць, як страла, крыламі не махае, хто адгадае?» (Самалёт.)

   У наш час загадкі ствараюцца людзьмі таленавітымі, з яркім успрыманнем, паэтычным бачаннем свету. Беларускія пісьменнікі Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Васіль Вітка, Еўдакія Лось і іншыя майстры мастацкага слова стварылі цэлыя кніжкі літаратурных загадак. Адгадайце адну з іх:

               «Хоць бяскрылы, а лятае,

                Безгалосы — свішча,

                Хоць бязрукі, а бывае,

                Грушы ў садзе абівае».

                Нават часам вырывае

                Дрэвы з карнявішчам,

                А як зморыцца — упадзе,

                І няма яго нідзе».          Ніл Гілевіч.

      

  У беларускіх загадках выяўляюцца фантазія і адмысловае пачуццё гумару нашага народа, яго здольнасць вобразна ўспрымаць жыццё. Чытайце і адгадвайце загадкі, запомніце тыя, што вам найбольш спадабаліся, і загадайце іх сваім родным і знаёмым.

 

  Казка — займальны аповед пра неверагодныя і фантастычныя падзеі і прыгоды. Беларускія народныя казкі — самы любімы дзецьмі фальклорны жанр. Казкі здзіўляюць нас сваім багаццем, захапляюць зместам, зачароўваюць гучаннем. У іх адлюстравана мара нашых далёкіх продкаў пра лепшую долю і шчасце на зямлі. У казках заўсёды перамагаюць дабро і справядлівасць, высока цэняцца людская дружба і ўзаемадапамога, сумленнасць і надзейнасць.

    У  ч а р а д з е й н ы х  казках дзейнічаюць незвычайныя героі (казачныя асілкі, волаты) і простыя людзі, смелыя, працавітыя, знаходлівыя. Ім дапамагаюць добрыя чараўнікі, сілы прыроды, жывая і мёртвая вада, жывёлы і розныя істоты — конь, ваўчыца, свінка, птушка, рыбка. Асобную ролю выконваюць цудадзейныя прадметы: чароўны меч, дудачка, гуслі-самагуды, боты-скараходы, дыван-самалёт, тапор-самасек, цудоўны збанок, залатыя рэчы (пярсцёнак, яблык, пяро, яблынька). Казачныя героі змагаюцца са злом і заўсёды выходзяць пераможцамі. Ім супрацьстаяць страшныя істоты, надзеленыя звышнатуральнымі магчымасцямі: шматгаловы Змей, паганы Цмок, Кашчэй Бессмяротны, Баба Яга. У абмалёўцы казачных вобразаў звычайна выкарыстоўваюцца элементы перабольшвання. Казкі маюць своеасаблівую і дасканалую будову. Звычайна яны пачынаюцца традыцыйнымі рыфмаванымі зачынамі: «Даўно гэта было ці нядаўна, так ці не так — цяпер ужо, напэўна, ніхто не ведае», «У якім-тось краі жылі людзі, нібы ў раі, гаравалі, працавалі дый бяды не зналі», «Было яно ці не было, праўда ці няпраўда — паслухаем лепш, што казка кажа». Часам казкі маюць адпаведную канцоўку: «Я там быў, мёд-піва піў, па барадзе цякло, а ў роце не было», «Вам казка, а мне абаранкаў вязка», «Далі мне пірог, я — за парог», «Тут і казцы канец, а хто слухаў — маладзец». Характэрныя для казак трохразовыя паўторы: героі тройчы сутыкаюцца з рознымі выпрабаваннямі, у іх удзельнічаюць трое братоў, сыноў ці дачок, тры дні і тры ночы героі пераадольваюць перашкоды.                     

     У казках п р а   ж ы в ё л дзейнічаюць адметныя персанажы: ліса, воўк, мядзведзь, заяц, баран, сабака, кот, певень і г. д. Сваімі паводзінамі ўсе яны нагадваюць людзей — добрых, сціплых, працавітых, надзейных, разумных або зайздросных, хітрых, жорсткіх, разбэшчаных.                                Героі  б ы т а в ы х казак — багатыя, прагныя, баязлівыя, гультаяватыя паны і іх памагатыя і бедныя сяляне, якія перамагаюць багацеяў сваім розумам, мудрасцю, працавітасцю, знаходлівасцю. Бытавыя казкі вылучаюцца тонкім гумарам. У казках сцвярджаюцца лепшыя чалавечыя якасці: адданае сяброўства, бескарыслівасць, працавітасць, кемлівасць — і адмаўляюцца няўдзячнасць, сквапнасць, нахабства, лянота, іншыя людскія заганы. Мова народных казак адметная — трапная, простая, зразумелая, вобразная. Беларускія народныя казкі — наша нацыянальнае багацце, наш гонар, імі захапляюцца не толькі беларусы, але і жыхары іншых краін свету.  

bottom of page